Маладыя віцебскія мастакі супрацоўнічаюць з гарадскімі актывістамі



У Віцебску завяршыўся адукацыйны курс “Адказная графіка”, які дапамагаў  маладым мастакам, дызайнерам і  фатографам не толькі рэалізаваць уласныя творчыя памкненні, але і паспрыяць развіццю грамадскай супольнасці. Якім чынам ілюстрацыя і дызайн могуць стаць сацыяльна-адказнымі і  паўплываць  на грамадска-значныя з’явы і падзеі, слухачам курсаў тлумачылі мастачка Воля Кузьміч, праваабаронца Павел Сапелка і іншыя выкладчыкі. Але мэтай курсу было не толькі набыццё тэарэтычных ведаў, кажа каардынатарка праекта, дырэктарка сацыяльна-культурніцкай  установы “Vitebsk4Me” Вольга Бізікава:

– Кожны з удзельнікаў павінен быў зрабіць праект, звязаны з дзейнасцю сацыяльных ініцыятываў, грамадскіх арганізацый. І дапамагчы ім з ілюстрацыямі ці нейкім іншым візуалам, гэта  паштоўкі, стыкеры, календары, добрыя афішы, графіці.

Вольга Бізікава

Дапамагчы атрымалася не толькі мясцовым актывістам: мастакі зрабілі паштоўкі для менскай ініцыятывы “Больш цела”, стыкеры для праекта “Мне нармальна” і нават ілюстрацыі да артыкула на партале tut.by. Мастачка Наталля Дагель зрабіла беларускамоўныя стыкеры пра Віцебск:

– Гэта быў як нейкі перформанс для мяне – зрабіць нешта візуальна прывабнае, тое, што можа адлюстроўваць наш горад. Гэта такая візуальная асалода пра Віцебск. Ён мне вельмі падабаецца, я жыву тут ужо больш як 5 год, ён можа і шэрым быць, але мне хацелася паказаць яго такім – каляровым.

Наталля Дагель

Арганізатары спадзяюцца, што супрацоўніцтва маладых мастакоў і гарадскіх актывістаў будзе працягвацца і далей, па сканчэнні курса “Адказная графіка”.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя