Малебен за супакой Максіма Багдановіча і яго бацькоў
Малебен за супакой Максіма, Марыі і Адама Багдановічаў – паэта і яго бацькоў – прайшоў на гарадзенскіх старых праваслаўных могілках.
Прымеркаваны ён быў да 100-годдзя смерці беларускага паэта. Каля магілы Марыі Багдановіч, маці Багдановіча, якая заўчасна пакінула гэты свет, маліўся айцец Павел Каспяровіч:
– Жыццё Максіма Багдановіча звязана з Гародняй. Тут пахаваная яго маці. Гэта наш доўг – памаліцца на магіле маці і ўшанаваць памяць паэта. Мы, хрысціяне, так і павінны ўшаноўваць памяць сваіх спачылых сваякоў, блізкіх людзей – малітвай. Ёсць і іншыя спосабы як ушанаваць памяць, але наш царкоўна-хрысціянскі доўг – гэта памаліцца. Таму мы молімся. Але мы праводзім і другія мерапрыемствы. Вось мы праводзілі ў снежні мерапрыемства, прысвечанае памяць Максіма Багдановіча.
Сярод удзельнікаў малебна былі літаратары Данута Бічэль і Алесь Чобат. Як мяркуе Данута Бічэль, стваральніца гарадзенскага музея Максіма Багдановіча, памяць пра паэта ў Гародні жыве, таксама ёсць каму працягваць справу вялікага паэта:
– Мы прыйшлі да свайго роднага паэта. Мы прыйшлі ў сваю сям’ю – да маці яго. Гэта і наша маці. Гэта маці ўсёй Беларусі, таму што яна нарадзіла Максіма Багдановіча. І мы не выдзяляем, што ён першы. Проста так Бог даў, што ён тут рос, што ў гэтым горадзе засталіся яго сляды, што ён тут пакінуў сваю маці. Гэта бясцэнны дар – магіла Марыі Апанасаўны, магіла маці паэта.
Не выпадкова, мяркуюць удзельнікі малебна, стагоддзе смерці паэта супала з вялікім святам хрысціянаў – Ушэсцем Ісуса Хрыста.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара