Маленькія гарадзенцы патрапілі ў краіну цмока



На адзін дзень гарадзенская галерэя “У майстра” параўтварылася ў пячору цмока.

Менавіта тут грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” вырашыла для маленькіх гарадзенцаў зрабіць невялічкае падарожжа ў краіну цмокаў. Першай кропкай падарожжа стаў спектакль “Быў бы ў мяне дракон” ад настольнага тэатра “Кардонка”. Невялікі насольны папяровы тэатр распавёў падарожжа цмока па гарадах Беларусі, затым прысутных чакаў воркшоп па вырабе цацкі “Лятаючы цмок” ад дызайнера Алены Трафімавай.

Пра ідэю імпрэзы распавядае каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” па Гарадзеншчыне Хрысціна Марчук:

–  Ідэя ў нас з’явілася даўно. “Беларусь – краіна цмокаў” – адна з нашых камунікацыйных праграм. Мы прасоўваем ідэю, што цмок – сімвал Беларусі. А зацікавіць дзетак гэтым вельмі проста, бо цмок вельмі таямнічы і містычны персанаж, у яго пашчы полымя, ён лётае, у яго доўгі хвост. І гэта ўсё вельмі цікава. Мы проста аб’ядналі ў гэты дзень некалькі культурных прадуктаў, якія ўжо даўно былі ў Беларусі.

На імпрэзу прыйшло некалькі дзясяткаў маленькіх гарадзенцаў, якія атрымалі падарункі ад арганізатараў.  Па словах арганізатараў, яны спадзяюцца, што падобныя сустрэчы ў бліжэйшыя месяцы адбудуцца і ў іншых месцах Беларусі.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня