Малы канал Агінскага ў Слоніме прыводзіцца ў парадак



Шмат дзесяцігоддзяў Малы канал Агінскага чакаў таго часу, калі на яго кіраўніцтва Слоніма зверне ўвагу. І такі час наступіў сёлета. Ды і нагода ёсць – 1 верасня ў Слоніме адбудзецца рэспубліканскае свята Дзень беларускага пісьменства і друку.

Малы канал Агінскага ў Слоніме актыўна пачалі прыводзіць да парадку, найперш яго левы бераг, на якім знаходзіцца гарадскі парк і дзе часцей адпачываюць слонімцы.

Канал Агінскага мае вялікую гісторыю. Ён быў пабудаваны па ініцыятыве гетмана Міхала Казіміра Агінскага. Спачатку быў пракапаны Малы канал, названы яго імем, які асушыў багністы поплаў Шчары. Ён у межах горада выраўняў рукаў Шчары і ўвайшоў у ландшафтную кампазіцыю перад тэатрам Агінскага. Само будаўніцтва канала пачалося ў 1765 годзе на сродкі Міхала Казіміра Агінскага. Ён выдзеліў са сваёй казны 12 мільёнаў злотых. Канал адкрываў магчымасці для экспарту лесу і іншых тавараў праз балтыйскія парты, таму яго будаўніцтва было падтрымана Варшаўскім сеймам Рэчы Паспалітай. Потым быў пракапаны Вялікі канал, які злучыў Шчару з прытокам Прыпяці – Ясельдай. Яго капалі крыху больш як дзесяць гадоў выключна жыхары Слонімскага павету. Даўжыня канала склала 55,5 кіламетраў. Урачыстае адкрыццё канала адбылося ў 1784 годзе.

Некалі па Шчары і канале Агінскага сплаўлялі лес, перавозілася скура, збожжа, сукно, будаўнічыя матэрыялы. Напрыклад, у 1857 годзе на слонімскай прыстані грузіліся 15 суднаў і 280 плытоў. Уніз па цячэнню баржы ішлі сваім ходам, а вось уверх іх спачатку цягнулі людзі, а потым коні. Напачатку ХХ стагоддзя па канале Агінскага плавалі параходы. А ў 1930-х гады да прыстані Слонім былі прыпісаны два дызельныя катары “Шчара” і “Тадэвуш Рэйтан”. Усе службовыя памяшканні і прыстань знаходзіліся на Малым канале Агінскага на месцы цяперашняга гарадскога парку.

Вясною 1947 года па Шчары і канале Агінскага хадзілі шэсць катараў, некалькі трафейных баржаў. А дзесьці ў канцы 1950-х гадоў у Слоніме працавала праектная брыгада з Масквы па пабудове Чарнаморска-Балтыйскага канала, які павінен быў праходзіць праз Слонім. Але ён так і не стаў портам.

У апошнія дзесяцігоддзі Малы канал Агінскага ў Слоніме страціў сваю дзейнасць. Берагі яго асыпаліся, яны зараслі кустамі і травой, а сам канал стаў плыткім і даўно не выкарыстоўваецца пад перавозкі і рух баржаў. Час прыйшоў канал упарадкаваць, найперш яго берагі. Што цяпер і робіцца.

На здымках: ідзе ўпарадкаванне канала Агінскага ў Слоніме;

Слонімканал Агінскага першай паловы ХХ стагоддзя.

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя,Слонім

Фота аўтара і з архіва аўтара