Маляванкі глыбоцкага майстра на календары кампаніі «Бульбашъ»
Маляванкі глыбоцкага майстра па роспісу дываноў у стылі Язэпа Драздовіча адлюстраваныя на календары 2016 года для vip-кліентаў кампаніі «Бульбашъ».
Па словах малодшага навуковага супрацоўніка Глыбоцкага Дома рамёстваў Святланы Скавырка, да яе звярнулася рэкламнае агенцтва «Гепта Груп», якое супрацоўнічае з кампаніяй “Бульбашъ”, і прапанавала аздобіць перакладны настольны каляндар яе працамі. А прыклады прац Святланы Скавырка агенцтва знайшло ў інтэрнэце:
— Я вяла курсы маляваных дываноў і абараняла нашу маляванку ў Менску, у міністэрстве культуры, і я шмат займаюся гэтым і люблю гэтым займацца. Яны мне сказалі, што хацелі б, каб я занялася такім праектам. Моцна рамкі яны мне не ставілі, таму працаваць было цікава. У выніку, пасля правак, выйшла такая вось зладжаная каманда і ім было перададзена 13 прац.
Паводле Святланы Скавырка, над гэтым праектам яна працавала месяц і дала яму яшчэ сваю назву: «Актуалізацыя спадчыны ў сучасных умовах». «Маляванкі – гэта гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, і іх трэба прасоўваць. Калі чалавек, асабліва замежнік, патрымае ў руках такі каляндар, то захоча бліжэй пазнаёміцца з гэтым відам народнага жывапісу», — кажа мастачка.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя