Маргарэт Этвуд і Бернардзін Эварыста падзялілі Букераўскую прэмію
Канадская пісьменніца Маргарэт Этвуд і брытанка Бернардзін Эварыста падзялілі Букераўскую прэмію па літаратуры за 2019 год, паведамляе ТАСС.
Журы ў гэтым годзе прыняло незвычайнае рашэнне ўзнагародзіць адразу двух аўтараў, якія ўвайшлі ў шорт-ліст прэміі. „З двух раманаў немагчыма было выбраць толькі адзін. Гэта выдатныя кнігі, якія прынясуць сапраўдную асалоду чытачам і будуць знаходзіць водгук у сэрцах людзей на працягу многіх пакаленняў”, – сказаў старшыня журы Пітэр Флорэнс.
Маргарэт Этвуд ужо атрымлівала Букераўскую прэмію ў 2000 годзе. Яна была зноў вылучана на прэмію з прадаўжэннем сваёй нядаўна экранізаванай антыўтопіі „Апавяданне служанкі” – The Testaments („Запаветы”). Бернардзін Эварыста прэтэндавала на ўзнагароду з сямейнай сагай Girl, Woman, Other („Дзяўчына, жанчына, усё астатняе”).
У гэтым годзе на ўзнагароду таксама прэтэндаваў Салман Рушдзі, які раней ужо станавіўся лаўрэатам Букераўскай прэміі. Яго кніга Quichotte („Кіхот”) уяўляе сабой раман у рамане.
Букераўская прэмія – адна з самых прэстыжных літаратурных узнагарод. Пераможца атрымлівае 50 тыс. фунтаў стэрлінгаў.