Маршалкоўская ўправа ўзнагародзіла Дарафея Фіёніка (абноўлена)
Дырэктар Музея малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах Дарафей Фіёнік атрымаў узнагароду ў галіне мастацкай творчасці, папулярызацыі і аховы культуры.
Прэмія маршалка Падляшскага ваяводства ўручана за вялікі ўклад у мастацтва і выдавецкую справу.
„Гэта ўзнагарода за многія гады цяжкай працы, а сёлета збіраем яе плён”, – кажа лаўрэат Дарафей Фіёнік:
За тую працу, маю і таго кола людзей, што са мной разам ствараюць Студзіводскі асяродак, які ўжо вядомы. За гэта я ўдзячны ўсім людзям, бо гэтая ўзнагарода нас аб’ядноўвае, і маю сям’ю, і маіх прыяцеляў.
Анатоль Вап дырэктар Дэпартамента культуры і нацыянальнай спадчыны Падляшскай маршалкоўскай управы распавёў пра ўручаную Дарафею Фіёніку прэмію:
– Для нас гэта вельмі важная ўзнагарода, бо раз на год можам падзякаваць людзям, якія шмат часу аддаюць на карысць падляшскай культуры. Думаю, што для людзей, якія яе атрымліваюць, яна таксама важная.
РР: Якія крытэрыі ўлічваюцца пры ўручэнні прэміі?
– Вельмі цяжка казаць пра нейкія крытэрыі, тут перадусім камісія ацэньвае заяўкі, якія паступаюць у Маршалкоўскую ўправу. Перадусім бярэцца пад увагу дзейнасць чалавека, але часам бывае так, што хтосьці атрымлівае ўзнагароду за нешта канкрэтнае. Дарафей Фіёнік атрымаў яе за сваю шматбаковую дзейнасць, якая вельмі патрэбная для нашага ваяводства.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.
Дарафей Фіёнік з’яўляецца арганізатарам шматлікіх культурных мерапрыемстваў, такіх як беларускія фестывалі „Там па маёвуй росі” ды „Олень по бору ходіт”, вядзе выдавецкую дзейнасць на беларускай мове і мясцовай гаворцы.
Апрача Дарафея Фіёніка журы адзначыла рэжысёра Беату Гыжы-Чолпінску, дырыжора Ежы Зданевіча, а таксама акцёра Хрыстафора Лавнічака.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя