Марцін Валадковіч абараняў слонімцаў



У нашай гісторыі яшчэ ёсць нямала незаслужана забытых асобаў, якія вартыя памяці нашчадкаў. Паступова іх справы “праяўляюцца” для нас, а іх імёны вяртаюцца. І кожны раз здзіўляешся, як можна было забыць пра такога чалавека?! Які столькі зрабіў дабра для землякоў, не шкадуючы сябе! Чужыя ўлады, змяняючы адна другую, вынішчалі гістарычную памяць беларусаў, выкрэслівалі, перапісвалі, замоўчвалі. У незалежнай Беларусі такога быць ужо не павінна.

Бурмістр Слоніма Марцін Валадковіч (Валадкевіч), сын Рыгора, паходзіў з дробнапамесных дваран (са шляхецкага роду герба “Радван”). Яго дваранства ў Расейскай імперыі было прызнана. Дзе Валадковіч нарадзіўся, пакуль дакладна невядома. У Слонім ён пераехаў дзесьці ў пачатку 1820-х гадоў. Магчыма, да сваякоў. Быў праваслаўны. Нейкі час трымаў у Слоніме карчму…

Больш падрабязна пра абаронцу слонімцаў Марціна Валадковіча чытачы даведаюцца з ліпеньскага нумару краязнаўчага электроннага выдання “Слонімскі край”, які ўжо з’явіўся на Kamunikat.org

Свежы нумар “Слонімскага краю” публікуе цікавыя матэрыялы і рэдкія фотаздымкі пра вучняў і настаўнікаў Слонімскай беларускай прагімназіі, пра паэта Язэпа Вількоўскага, пра паштоўку, фотаздымак для якой рабіў паэт Гальяш Леўчык, пра фатографа Якава Салавейчыка, пра гісторыка кіно Яўгенію Хігрыну і шмат іншых матэрыялаў.

Прыгадваюцца на старонках выдання знакамітыя слонімцы: этнограф і археолаг Максім Левін і паўстанец супраць Расейскай імперыі Міхал Валовіч. Агляд нямецкай ваеннай газеты падчас Першай сусветнай вайны зрабіў гісторык Ігар Падгарадзецкі.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя