Марына Шапавалава: Планы не мяняюцца, але пакуль мушу вырашыць іншыя праблемы
Яна грала на бубнах у менскім гурце “Plemя”. Яна запісвала сольны сінгал. Яна працавала над кнігай. Яна займалася фатаграфіяй. У яе былі вялікія планы, але ў сярэдзіне жніўня 2021 года ёй давялося з’ехаць з Радзімы ў Польшчу і пачаць усё амаль з нуля.
Аднак варта адзначыць, што беларуская музыка Марына Шапавалава ўсё роўна трымаецца моцна і верыць, што ўсё будзе добра. І як бы тое ні было, але зняцца ў канадскім часопісе “Edith” у якасці мадэлі дзяўчына ўжо паспела. Пра думкі і мары, спадзяванні і настроі мы паразмаўлялі з Марынай Шапавалавай.
РР: Як настрой?
Марына Шапавалава: Гэты настрой мяняецца некалькі разоў на дзень.
РР: Распавядзі, калі ласка, сваю гісторыю, чаму тваё месца лакацыі змянілася з Беларусі на Польшчу?
Марына Шапавалава: Гэта ўсім зразумелая справа. Канешне, пасля таго году, пасля выступаў, бо вельмі шмат дзе была і вельмі шмат дзе засвяцілася. І апошняй кропляй стала справа «Іrdоrath», пасля чаго мяне і вывезлі ў Польшчу. За сваю пазіцыю. Неяк так.
РР: Што зараз ты робіш у Варшаве?
Марына Шапавалава: Спрабую пачынаць усё з нуля. Пакуль працую сем дзён на тыдні. Таму што трэба вярнуць грошы сябрам, якія мне дапамагалі сюды выехаць. Трэба таксама зняць тут сабе жытло і пачаць усё зноў.
РР: У якіх сферах зараз працуеш?
Марына Шапавалава: Я зараз працую наогул на «DPD» – гэта дастаўка. Я там шмат чаго раблю, бо падпісалася ў дзве змены, палякі дапамаглі. І на выходных я ў кавярні падпрацоўваю. Хацелася б, як музыка, але пакуль што трэба іншыя справы вырашыць. Ну й пішу. У мяне ўжо амаль на цэлы альбом ёсць свайго матэрыялу. Спрабую займацца на адлегласці са сваім гуртом, які застаўся ў Менску. Усё што магу, гэта рабіць нейкія інтэрв’ю, тое, што не залежыць ад маёй ігры ў «бандзе».
РР: Калі ты з’язджала, у цябе былі досыць вялікія планы, у тым ліку як музыкі, а яшчэ напісанне кнігі і шмат чаго іншага. Скажы, калі ласка, рэалізацыя ўсяго гэтага тут, у Польшчы, магчымае?
Марына Шапавалава: Канешне, магчымае. Не магчыма толькі адно, што мой гурт застаўся ў Менску, а я тут. І мы не можам разам ладзіць канцэрты, хаця і ў Беларусі яны ўжо не маюць магчымасці ладзіць. Астатняе тут шмат чаго можна зрабіць. Тут неяк другі свет, тут больш вольнасці. Проста ў мяне зараз такая цяжкая сітуацыя, з якой я спрабую знайсці выйсце. Проста патрэбны грошы, патрэбна абсталяванне, і я буду працягваць займацца тым, чым займалася. Спадзяюся, што ў наступным годзе змагу выдаць кнігу, якая павінна была выйсці ў гэтым. І сінгал другі запісаць. Нешта будзе. Я ж займаюся таксама фатаграфіяй і фотамадэлінгам. Зусім нядаўна выйшла публікацыя ў канадскім часопісе. Планаў вельмі шмат. Проста пакуль трэба трошкі патрываць, каб з’ехаць на сваё жыллё, купіць абсталяванне, і я думаю, што буду займацца тут фотасэтамі, як і займалася гэтым у Менску. Патроху будзем вылазіць.
Цалкам размова:
Нязломная мэтанакіраваць і нязгасны аптымізм – вось што, на наш погляд, дапамагае Марыне трымацца, нягледзячы ні на якія цяжкасці.
Размаўляла Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя