Марыў зрабіць Берасце цэнтрам міжнародных конкурсаў экслібрыса
Так бывае, што ў віры лёсавызначальных падзей, пераломных момантаў для краіны нешта губляецца, незаўважаецца. Нават смерць вядомага чалавека можа застацца без асаблівай увагі. Гэтак было і летась, напачатку спякотнага жніўня. Міналі лічаныя дні да ўжо гістарычнага 9-га жніўня, як у Берасці заўчасна не стала мастака Аляксандра Грыгор’ева.
У гарадскіх стужках навін з’явіліся невялічкія жалобныя паведамленні, якія аніяк не адлюстроўвалі маштабу асобы мастака, ягонага ўнёску не толькі ў культурнае жыццё Берасця, а ўсёй Беларусі. Нават аўтар гэтых радкоў, якому пашчасціла мець напрацягу дзесяцігоддзя таварышыскія адносіны з такой светлай постаццю, даведаўся пра сыход ажно на шосты дзень ад сына творцы.

Тады, калі грамадства адстойвала свой выбар, намагалася пачаць палітычнае аднаўленне дзяржавы, не знайшлося вольнай хвіліны, каб спакойна добрым словам узгадаць Аляксандра Аляксандравіча. І вось незаўважна прабег год, перапоўнены трывогамі і надзеямі, нават крыху больш, на календары Дзяды – дзень памяці памерлых – добрая нагода для ўспамінаў.

Ён марыў зрабіць Берасце цэнтрам міжнародных конкурсаў формаў малой графікі і экслібрыса. Прынамсі нашае знаёмства адбылося акурат у гэты момант дзякуючы тады карэспандэнту “Берасцейскай газеты” Станіславу Коршунаву. Было тое ўлетку 2010 года, калега прывёў мяне ў майстэрню да Грыгор’ева. Пасля невялікага абмену прывітаннямі, мастак адразу пачаў дзяліцца сваімі ідэямі, бачаннем першай выставы малых формаў графікі і экслібрыса „Белавежская пушча-600”. Абазначыў праблемы, якія паўсталі на шляху да рэалізацыі і лічыў, як паказаў час нездарма, што інфармацыйнае суправаджэнне паскорыць працэс ажыццяўлення яго ініцыятывы.

Грыгор’еў у залі будучай мастацкай галерэі, якую на той момант стварала габрэйская грамада Пінска. 7 чэрвеня 2013 года, фота аўтара.
У чым была праблема? На той момант ішоў ужо другі год, як Нацыянальны парк “Белавежская пушча” трымаў экспазіцыі да першай у Беларусі Міжнароднай выставы малых форм графікі ды экслібрыса, куратарам якой выступіў Грыгор’еў. Свае працы ў Берасце даслалі мастакі з розных краінаў свету, але толькі ў 2010 годзе з’явілася надзея, што справа зрушыць з месца.
“Адгукнулася 310 чалавек з 45 краін. Выстава перавысіла нават самыя буйныя, якія праводзяцца ў Польшчы ў Глівіцах. Усё гэта закрылася, магчыма, ад недахопу сродкаў на правядзенне. Усё гэта застапарылася да нейкага нявызначанага часу. У той час мянялася кіраўніцтва, чакалі, што прыйдзе новы начальнік. Час ішоў. Завяршыць праект не адмаўляліся. Увесь час гаварылася, што трэба пачакаць, бо праект варты таго”, – так акрэсліў сітуацыю ідэйны арганізатар для нашага радыё.

Выйшла некалькі матэрыялаў, ад звычайных навінаў да інтэрв’ю і ўрэшце стала вядома, што выставу ўнясуць у план мерапрыемстваў, каб атрымаець пад яе дзяржаўнае фінансаванне. Так і сталася, праз год.
Ініцыятыва Грыгор’ева захапіла буйных прадпрымальнікаў, якія выказалі гатоўнасць падрымліваць праект па правядзенню мерапрыемстваў такога ўзроўню. І ў 2013 годзе Берасце прымала ўжо ІІ Міжнародную выставу экслібрыса “Гульні цароў”. Тады мастак наступным чынам патлумачыў назву і тэматыку: “У рамках першага конкурсу мастакі разважалі аб прыродзе, аб паходжанні чалавека і аб развіцці чалавецтва, раскрываючы
багацце, прыгажосць і ўнікальнасць навакольнага свету, экалагічныя праблемы
і адказнасць перад Зямлёй. “Гульні цароў” – гэта візуальны дыялог аб
грамадзянстве і грамадстве, тут падкрэсліваюцца хітраспляценні ўзаемадзеянняў
людзей адзін з адным і з самімі сабой, а таксама адносіны паміж краінамі і іх кіраўнікамі”.

Глыбокай філасофіяй была прасякнутая і выстава 2015 года. Яна мела назву “Мір і вайна”. Амаль 400 мастакоў-графікаў з 46 краінаў выказаліся праз свае працы на складаныя пытанні: чаго дасягнуў чалавек у сваім развіцці, да чаго імкнецца, як ўзаемадзейнічае з навакольным асяроддзем? Ці магчымы мір на зямлі, калі ўнутры асобна ўзятай асобы – вайна? Ці праўда, што самыя разбуральныя рэвалюцыі адбываюцца ў нашых душах?
Безумоўна поспех! Мастак рэалізаваў задумы – шчасце адбівалася ў вачах ад правядзення такіх сур’ёзных, міжнародных конкурсаў. Ён захапіў сваёй ідэяй сотні калег па цэху з усяго свету ад Польшчы да Амерыкі, ад Францыі да Ізраілю. Разам з тым гэта і вялікія хваляванні, што ўплывала на здароўе, але задавальняла. Тры выставы формаў малой графікі і экслібрыса зладзіў у горадзе над Бугам, а далей ізноў розныя бар’еры, праблемы і больш вырашаць іх Грыгор’еў не пажадаў. Час паказаў, што правільна, бо жыццёвай моцы засталося не надоўга.

У апошнія гады працу мастака адзначылі шэрагам узгнагародаў, што вельмі важна, калі прызнанне творцы адбываецца пры жыцці. У 2015 годзе ганаровая грамата Міжнароднага саюза лялечных тэатраў: “За выдатную творчасць у стварэнні спектакляў і асаблівы ўклад у развіццё і папулярызацыю тэатральнага мастацтва ў Беларусі”. Грыгор’еў плённа супрацоўнічаў з Берасцейскім лялечным тэатрам, як мастак-пастаноўшчык. Між іншага ён стварыў незабыўныя вобразы для беларуска-славенскай пастаноўкі казкі “Пякарня Мыш-Маш” і спектакля “Забытыя казкі”. У 2017 годзе дыплом за знакавы ўнёсак і ўдзел у Сусветным кангрэсе экслібрыса. У 2020 годзе ад Беларускага саюзу мастакоў ганаровая грамата: „За арганізацыю і правядзенне Міжнародных Арт праектаў і асабісты ўклад у прапаганду і развіццё беларускай друкаванай графікі малых форм і экслібрыса на міжнародным узроўні”. Далёка не поўны спіс…

Не магу абмінуць увагай чэрвень 2013 года. Давялося дапамагаць мастаку арганізоўваць у Пінску (Музей Беларускага Палесся) выставу “Леанід Курыс, Ізраіль, Экслібрыс”. Вось тады ўбачыў наколькі скурпулёзна да ўсяго ставіцца Грыгор’еў, што датычыць папулярызацыі мастацтва, асабліва формаў малой графікі. Неверагодна цікавы чалавек, хацелася з ім сустракацца і сустракацца. Розныя сумесныя справы зрабілі і неаднаразова ўдзельнічалі ў дыскусійных праектах кампаніі “Будзьма”, ён як спікер, а я як вядучы. Шмат цяплыні засталося і яна будзе заўжды ўнутры саграваць пры ўспамінах.

Аляксандр Аляксандравіч неяк сказаў у размове, што не любіць хадзіць на пахаванні блізкіх людзей, калег, пазбягае гэтага жалобнага мерапрыемства, каб у яго памяці чалавек застаўся не ў гарызантальнай позе. Мяркую, што для ўсіх, каму пашчасціла мець хоць аднойчы з ім кантакт, мастак пакінуў незабыўнае аптымістычнае ўраджанне нягледзячы на ўсе жыццёвыя хібы.
Аляксандр Аляксандравіч Грыгор’еў (19 траўня 1955 г., в.Мазуркі Ляхавіцкага раёна Берасцейшчыны – 1 жніўня 2020 г., Берасце) – беларускі мастак-графік, экслібрысіст. Уваходзіў у Беларускі саюз мастакоў і Міжнародны саюз лялечных тэатраў UNIMA. Каардынатар і арганізатар Міжнародных выставак-конкурсаў малых форм графікі і экслібрыса ў Берасці. Стварыў 61 экслібрыс, прыняў удзел у звыш як 100 выставах у Беларусі і замежжы. Працы знаходзяцца ў калекцыях беларускіх музеяў, у галерэях і бібліятэчных фондах: Сербіі, Турцыі, Італіі, Румыніі, Польшчы, Грэцыі, Балгарыі, Іспаніі, Англіі, ЗША і Расеі.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
