Марыя Ермакова не паедзе на Еўрабачанне, але яе палюбілі беларусы



У Беларусі разгарэўся чарговы музычны скандал. 20 верасня беларускае тэлебачанне транслявала фінальны канцэрт нацыянальнага конкурсу за права прадстаўляць Беларусь на Дзіцячым Еўрабачанні. Сёлета Дзіцячае Еўрабачанне пройдзе ў лістападзе ў Польшчы. Напярэдадні канцэрта суполка symbal.by заклікала беларусаў прагаласаваць за Марыю Ермакову і яе беларускамоўную песню „Вятры”. Аднак, у выніку, перамога была прысуджана іншай канкурсантцы – Елізавеце Міснікавай. Вынікі конкурсу для нашага радыё пракаментаваў паэт Алесь Аркуш, які не першы год сочыць за поспехамі Марыі Ермаковай:

– Я за гэтай дзяўчынкай ужо сачу другі год. Бачыў яе выступы на розных дзіцячых конкурсах ва Украіне, Маскве. І вось гэты ўчорашні выступ – бадай самы прафесійны выступ. І гэтая дзяўчынка была проста на галаву вышэй за ўсіх астатніх канкурсантаў. І не зразумела, чаму журы так прагаласавала. Бо гледачы ў сваім галасаванні аддалі ёй перавагу і яна істотна апярэджвала астатніх канкурсантаў.

У сацыяльных сетках гледачы моцна абураюцца рашэннем журы. Гучаць нават прапановы апратэставаць вынікі конкурсу.

Беларускае Радыё Рацыя