Марыя Кобец: Дзень беларускага пісьменства – нашыя літаратурныя дажынкі
Дзень беларускага пісьменства – 2016. 4 верасня ў Рагачове Гомельскай вобласці адбудзецца агульна-нацыянальны літаратурны фэст. На свята ад Пінску накіроўваецца вялікая дэлегацыя, каб прадставіць апошнія навінкі літаратурнага жыцця рэгіёну.
Паэтка Марыя Кобец параўноўвае Дзень пісьменства з галоўным святам хлебаробаў – дажынкамі:
– Насамрэч свята стала для мяне, як і для ўсіх паэтаў і пісьменнікаў, такім мерапрыемствам, на якім падводзяць вынікі, нібыта адмысловыя пісьменніцкія дажынкі. Можна так сказаць. Я ўжо ў гэтым фэсце ўдзельнічаю чацвёрты раз. Гэта як свята. Свята літаратараў, на якім збіраюцца такія ж, як і я, людзі –творчыя, людзі закаханыя ў беларускую літаратуру.
Выступаюць пінскія літаратары Марыя Кобец і Анатоль Шушко
Асноўнымі тэмамі сёлетняга Дня пісьменства будзе: падрыхтоўка краіны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, юбілейныя даты літаратараў – Змітрака Бядулі, Кандрата Крапівы, Максіма Багдановіча, Івана Мележа ды Івана Шамякіна.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя