Марыя Мартысевіч: Мы стараемся не быць у баку ад важных падзеяў у краіне
3 сакавіка штогод адзначаецца Сусветны дзень міру для пісьменніка. Дату абраў 48-мы кангрэс Міжнароднага ПЭН-клуба ў 1986 годзе. Разам з «Госцяй Рацыі», намесніцай старшыні Беларускага ПЭН-цэнтра Марыей Мартысевіч пагаворым пра правы беларускіх пісьменнікаў і не толькі.
РР: Віншую вас з надышоўшым Сусветным днём міру для пісьменніка. Раскажыце, калі ласка, з чым Беларускі ПЭН-цэнтр уваходзіць у гэтае свята.
Марыя Мартысевіч: ПЭН-цэнтр уваходзіць у гэтае міжнароднае свята на бадзёрай, аптымістычнай ноце. Найперш пачнем з таго, што ПЭН – адзін з галоўных арганізатараў фестывалю “Прадмова”, які адбудзецца ў пачатку красавіка ў Менску. Зараз адбываюцца рэгіянальныя паездкі фестывалю “Прадмова” па Беларусі. Гэта выступы, інтэлектуальныя дыскусіі, продаж кніг у кропцы, куды прыязджае фестываль. Таксама будзе дарэчна абвесціць, што гэты год – юбілейны год Караткевіча. Як мы і анансавалі летась, у Воршы мы правядзем юбілейны фэст Караткевіча, гэта будзе ў канцы лістапада. Але самыя розныя мерапрыемствы, імпрэзы будуць адбывацца цягам усяго году, нагадваючы пра творчасць пісьменніка, пра яго асобу.
РР: Ці плануюцца ў ПЭН-цэнтры новыя накірункі дзейнасці акрамя тых, што пазначаныя на вашым сайце?
Марыя Мартысевіч: Я думаю, тое, што ў нас пазначана, яно будзе паглыбляцца. У прыватнасці, мы шмат працуем з моладдзю, з маладымі літаратарамі. Мы акурат задумалі адзін конкурс. Таксама сёлета ПЭН распачаў такую праваабарончую ініцыятыву – правядзенне маніторынгу культурных правоў. Гэта значыць, калі нейкае права на свабоду выказвання, на свабоду творчасці, свабоду слова любога чалавека, які піша ў Беларусі, парушанае, мы будзем сачыць за такой інфармацыяй і запрашаем актыўна паведамляць у ПЭН-цэнтр пра факты парушэнняў, якія сталі вядомыя людзям, або самі ахвяры такіх парушэнняў могуць звяртацца, напрыклад, калі сарваная прэзентацыя па немэтаваных прычынах, ці ёсць нейкае неспрыянне выхаду кнігі, або іншыя формы дыскрымінацыі пісьменнікаў, журналістаў, блогераў і іншых людзей, якія пішуць. Таксама ў нас пачынае працу школа зусім маладога літаратара Адама Глобуса. Працягвае сваю працу перакладчыцкая майстэрня, у якую могуць звярнуцца перакладчыкі, каб ім дапамаглі павысіць прафесійны узровень, папрацаваць з нейкім канкрэтным перакладам. У прынцыпе ПЭН – гэта частка праваабарончай і літаратурнай супольнасці Беларусі, і мы стараемся не быць у баку ад самых важных культурных і сацыяльных падзеяў у краіне.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя