Мастак Яраслаў Кірвель правядзе ў Варшаве занятак
1-га снежня ў Варшаве адбудзецца занятак нефармальнага малявання ад маладога гарадзенскага мастака Яраслава Кірвеля.
Творца вядомы сваімі партрэтамі беларускіх дзеячаў, як палітычных, так і культурных. У яго калекцыі – выявы Святланы Ціханоўскай, прадстаўнікоў Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, Каардынацыйнай Рады, загінулага ваяра Палка Кастуся Каліноўскага „Брэста”, Лявона Вольскага, Змітра Вайцюшкевіча ды шматлікіх іншых.
Ствараць такія партрэты мастак пачаў пасля пратэстаў у Беларусі.
Распавядае Яраслаў Кірвель:
– Зарадзілася гэта яшчэ ў 2021 годзе, калі я быў у Беларусі. Адкрыта БЧБ не выкладзеш, у сябе ў Інстагарме схаваў, але штосьці такое беларускае рабіць хацеў. Я быў да гэтага на „Мове Нанова” у 2020 годзе, прыязджалі музыкі, я там для сябе, для аўтографа намаляваў. Захацелася развіць, каб гэта было больш маштабным.
Заняткі па маляванні ад Яраслава пройдуць 1-га снежня ў каворкінгу Free Belarus Center (Mokotowska 24). Удзел бясплатны, данаты для мастака вітаюцца.
Акрамя таго, патрабуецца папярэдняя рэгістрацыя праз тэлеграм @VolunteerFBC.
Беларускае Радыё Рацыя