Мастакі і вяргіні ў Паўночных Афінах М. К. Агінскага



Мастацкі пленэр у межах праекта “Актуалізацыя і ўзнаўленне Еўрапейскага культурнага ландшафту на літоўска-беларускай мяжы” сабраў у Залессі на Смаргоншчыне мастакоў з Літвы і Беларусі.

Так атрымалася, што па часе пленэр супаў з правядзенннем у маёнтку фестываля “На вяргіні да Міхала”, што ўжо двойчы адбываецца тут і збірае аматараў кветак ды сяброў Агінскага.

У пленэры ўдзельнічала 8 мастакоў. Чатыры – з літоўскага боку: рэктар Вільнюскай акадэміі мастацтваў Ева Скаўроне, прафесар з Каўнаскага ўніверсітэта Вітаўтаса Магнуса Рычардас Барткявічус, дацэнт Вільнюскай акадэміі мастацтваў Жывіле Ясуцітэ і дырэктар дзіцяча-юнацкага клуба Аляксандрас Возбінас. Беларускі бок прадстаўлялі прафесар Віктар Нямцоў і дацэнт Віктар Барабанцаў з Беларускай акадэміі мастацтваў, настаўнік сусветнай мастацкай культуры і малявання Вілейскай гімназіі Эдуард Мацюшонак і кіраўнік студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Маладзечанскага Дома культуры Галіна Бяганская-Сушко.

Падчас фэсту беларускія і літоўскія мастакі расказалі пра свае ўражанні ад Залесся і працы тут…

– Выдатныя ўражанні, надвор’е спрыяе…

– Такое адчуванне, што тут такая аўра, якая прымушае па-іншаму ставіцца да жыцця, да гісторыі, да сяброўства і да мастацтва. Ты разумееш, што у Залессі тварыў гэты вялікі чалавек, Міхал Клеафас Агінскі, – і гэта прымушае па-іншаму расставіць прыярытэты ў жыцці.

– Мы першы раз у такім прыгожым месце, хоць не першы раз у Беларусі. Здзіўлены таму, што ўсё так адноўлена… Людзі вельмі цёплыя… Усе – і калегі, і персанал – цудоўна да нас ставяцца. Ходзіш па маёнтку і мелодыя падчас гучыць у вушах, так…

– Пару год таму і ў Літве адзначаўся юбілей Міхала Клеафаса, давялося ўдзельнічаць у тэматычных выставах, даведацца больш пра асобу Агінскага, пабываць у маёнтках княжацкага роду, раскіданых па Літве… Шмат добрага чуў пра Залессе і рады, што сюды трапіў. Усё ж нас, літоўцаў і беларусаў аб’ядноўвае і гісторыя, і прырода, і мастацтва. Гэта вельмі важна.

З 22 па 28 жніўня восем творцаў з краінаў-суседак жылі і працавалі разам у музеі-сядзібе М. К. Агінскага ў Залессі. Вынікам плэнэра стала выстава працаў мастакоў, якая прайшла 27 жніўня ў тэатральна-музычнай залі музея і сабрала гасцей як з Беларусі, так і з Літвы.

У прыватнасці, на імпрэзу ў Залессі прыехаў Вітас Руткаўскас, дырэктар музея гісторыі культуры Агінскіх з Рэтаваса.

Восем аўтарскіх твораў, на якіх мы можам убачыць краявіды сядзібы кампазітара і адчуць яе непаўторную атмасферу, мастакі падарылі Залескаму музею-сядзібе.

Самі ж выправіліся ў Літву, дзе іх чакае другая частка пленэру, ужо літоўская, – палац графа Тышкевіча ў Затроччы (Ужутракіс). Прыгожыя сады – бадай, гэта агульная тэма мастацкіх варштатаў у маёнтках Агінскіх ды Тышкевічаў.

Дар’я Ліс, Смаргонскі р-н, Беларускае Радыё Рацыя