Мастацка-дакументальная выстава “Я – Маці”
22 лютага 2019 года адзначаецца 150-годдзе з дня нараджэння Марыі Апанасаўны Багдановіч, маці геніяльнага паэта, класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. Адам Ягоравіч Багдановіч, бацька паэта, казаў, што паэтычны талент Максіма − гэта, у першую чаргу, дар яго маці, яе талент, які так і не паспеў раскрыцца.
Марыя Апанасаўна Багдановіч нарадзілася ў 1869 годзе ў г. Ігумен (цяпер − Чэрвень) у сям’і Апанаса Іванавіча і Таццяны Восіпаўны Мякотаў. Скончыла Мінскае Аляксандраўскае вучылішча, вучылася ў Земскай настаўніцкай школе ў Санкт-Пецярбурзе. Абвянчалася з Адамам Ягоравічам Багдановічам, настаўнікам 1-га Мінскага прыходскага вучылішча. У сям’і нарадзілася чацвёра дзяцей: трое сыноў – Вадзім, Максім, Леў – і дачка Ніна.
Усю сваю любоў, пяшчоту, увесь свой вольны час Марыя Апанасаўна цалкам аддавала дзецям, надаючы вялікую ўвагу іх выхаванню. Маючы даволі грунтоўную педагагічную адукацыю, яна выхоўвала дзяцей па сістэме моднага на той час нямецкага педагога Фрыдрыха Фрэбеля, які распрацаваў сістэму дыдактычных і рухомых гульняў. З тэорыяй Фрэбеля стасуецца і сачыненне Марыі Багдановіч “Семья в деле воспитания человека”, напісанае ёю падчас навучання ў Санкт-Пецярбурзе. Пра пісьменніцкія здольнасці Марыі сведчыць надрукаванае апавяданне “Накануне Рождества” ў газеце “Гродненские губернские ведомости” напрыканцы 1893 года.
Восенню 1896 года Марыя Апанасаўна Багдановіч памерла ад сухотаў, на 28 годзе жыцця. Пахавана ў Гародні.
На выставе будуць прадстаўлены прадметы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, з фондаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Некаторыя рэчы, якія належалі Марыі Апансаўне Багдановіч, будуць прадстаўлены на выставе ўпершыню.
Дапоўняць выставу мастацкія работы Генадзя Чыстага – партрэты сучасных жанчын-маці, каб наведвальнік змог правесці паралель з мінулым і сучасным. Відавочна, сучасная жанчына-маці мусіць спалучаць гэтую адказную місію і са шматлікімі іншымі сацыяльнымі і грамадскімі актыўнасцямі, але, тым не менш, як і ў часы Марыі Багдановіч, цэнтрам сусвету для яе застаюцца менавіта дзеці.
Адкрыццё выставы – 22 лютага 2019 года ў 17:00 у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча Выстава працуе з 22 лютага па 8 красавіка 2019 года Літаратурны музей Максіма Багдановіча г.Менск, вул. М.Багдановіча, 7а