„Мастацкая літаратура” выпусціць кнігу Святланы Алексіевіч
Дзяржаўнае выдавецтва „Мастацкая літаратура” выпусціць кнігу „У вайны не жаночы твар” лаўрэата Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч у перакладзе на беларускую мову, паведаміў на прэс-канферэнцыі 4 лютага міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч.
„Літаральна на днях „Мастацкая літаратура” атрымала „сігнал”(кантрольны ўзор выдання, які папярэднічае шырокаму тыражу. — БелаПАН.) кнігі Святланы Алексіевіч, выпушчанай, безумоўна, з яе згоды, на беларускай мове „У вайны не жаночы твар”. Гэта новы пераклад, які зрабіў Валянцін Акудовіч”, — сказаў міністр.
Кніга павінна выйсці тыражом 1 тыс. экземпляраў у найбліжэйшыя дні.
Карлюкевіч таксама паведаміў, што Алексіевіч прыме ўдзел у XXVI Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы, якая пройдзе 6—10 лютага ў сталічным выставачным комплексе на праспекце Пераможцаў.
„Святлану Алексіевіч, наколькі я памятаю праграму, запрасіла выдавецтва „Время”, якое з`яўляецца ўдзельнікам выставы і прадстаўлена ў праграме ўсіх мерапрыемстваў Расійскай Федэрацыі, — адзначыў чыноўнік. — У гэтым годзе плошча, дзе будзе прэзентацыя, аўтограф-сесія або іншыя мерапрыемствы з удзелам лаўрэата Нобелеўскай прэміі паважанай Святланы Алексіевіч, будзе дастаткова шырокай, наколькі гэта магчыма ў гэтым адміністрацыйным будынку”.
У 2018 годзе выдавецтва „Логвінаў” правяло паспяховую кампанію па зборы грошай на выпуск серыі „Галасы Утопіі”, куды ўвайшлі пяць кніг Алексіевіч без цэнзарскіх правак у перакладзе на беларускую мову. Праект прыцягнуў у пяць разоў больш грошай, чым было патрэбна для выдання. Перакладамі займаліся вядомыя айчынныя літаратары: Андрэй Хадановіч, Сяргей Дубавец, Уладзімір Арлоў, Барыс Пятровіч і Валянцін Акудовіч.
belapan.by