Мастацкі пленэр да юбілею Тадэвуша Касцюшкі
“Косава – Радзіма героя”. Мастацкі пленэр да юбілею Тадэвуша Касцюшкі пад такой назвай ладзяць сябры культурнага цэнтру “Грунтоўня”, што ў Берасці. Малая Радзіма нашага вялікага земляка заўжды вабіла творцаў сваім хараством, маляўнічымі краявідамі і глыбокім следам у гісторыі Беларусі, зазначае кіраўнік “Грунтоўні” Вінцэсь Клімус:
– Тадэвуш Касцюшка – наш нацыянальны герой, выбітная асоба ў сусветнай гісторыі, змагар за свабоду. Сваім плэнерам мы хочам расшырыць набор сюжэтаў, выяваў.
Арганізатары запрашаюць да ўдзелу мастакоў з Берасця. Абмежаванняў па жанрах і тэхніках няма, адбудзецца кампенсацыя выдаткаў на транспарт і матэрыялы, пры ўмове ўдзелу творчай працы ўдзельніка ў далейшых выставах. Арыентыровачная дата выезду ў Косава 16 кастрычніка, а падрабязней пра гэта можна даведацца ў суполцы „Грунтоўні”.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота vk.com/gruntounia
