Мастацкі пленэр на радзіме Язэпа Драздовіча
На пленэр у Глыбокае прыехалі мастакі з Менска і Менскай вобласці. Штогод былыя аднагрупнікі кафедры народных рамёстваў Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў ладзяць пленэры ў розных кутках Беларусі. Іх мэта – знаёмства з беларускай гісторыяй і культурай і іх раскрыццё ў сваіх творах. Сёлета спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння мастака Язэпа Драздовіча, таму яны і прыехалі на Глыбоччыну.
Па словах мастачкі з Вялейкі, кіраўніка Міжнароднай асацыяцыі акварэлі ў Беларусі Веры Каўзановіч, цікава дакрануцца да гісторыі і пабываць у тым храме, дзе хрысцілі Язэпа Драздовіча. А гэта прыгожы касцёл Святой Тройцы ў Глыбокім.
– Сёлета юбілейны год, які для гэтых мясцін вельмі значны, бо яны звязаны з жыццём і дзейнасцю Язэпа Драздовіча – выбітнага беларускага мастака. Канешне, гэта важная падзея, якую нельга было не адзначыць, прайсці міма. Па праўдзе кажучы, у нас фармат даволі камерны нашых пленэраў, таму мы не планавалі першапачаткова рабіць гэта з вялікай помпай, шумнае мерапрыемства, але пры гэтым нам усё-такі хацелася нейкім чынам ушанаваць памяць гэтага чалавека.
Паводле Веры Каўзановіч, у Глыбокім яны пішуць акварэллю. Горад іх уразіў двума храмамі, якія стаяць насупраць адзін аднаго, могілкамі “Копцеўка”, азёрамі, дахамі дамоў і сваім ландшафтам. А таксама добразычлівым стаўленнем да іх і пазітывам.
[Not a valid template]
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара