Мемарыяльны знак Янку Купалу адкрылі ў фінскім горадзе Іматра
У фінскім горадзе Іматра ўрачыста адкрылі мемарыяльны знак народнаму паэту Беларусі Янку Купалу.
У мерапрыемстве ўзялі ўдзел мэр горада Кай Рослака, пасол Беларусі Аляксандр Астроўскі, намеснік старшыні савета Беларускага фонду культуры Анатоль Бутэвіч, дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч, а таксама прадстаўнікі СМІ, творчай інтэлігенцыі і беларускай дыяспары.
У гонар гэтай падзеі ў будынку зімовага саду гарадской мэрыі адкрылася выстава „Над Іматрай” з фондаў Купалаўскага музея, якая расказвае пра жыццё і творчасць паэта.
Памятны знак створаны беларускім скульптарам Паўлам Вайніцкім. Праект быў рэалізаваны па ініцыятыве Міністэрства культуры і Міністэрства замежных спраў Беларусі пры падтрымцы гарадскога сходу Іматра.
Янка Купала 21-22 чэрвеня 1910 года разам з выбітнымі дзеячамі беларускага нацыянальнага адраджэння здзейсніў падарожжа ў Фінляндыю па маршруце Санкт-Пецярбург – Тэрыёкі – Выбарг – Іматра.