Мемарыяльныя дошкі Янку Купалу з’явяцца ў Славакіі
Мемарыяльныя дошкі класіку беларускай літаратуры Янку Купалу з’явяцца ў чатырох гарадах Славакіі — Браціславе, Модры, Свеці-Юры і Вісоке-Татры, паведаміла на прэс-канферэнцыі 6 ліпеня ў Менску дырэктарка Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч.
Паводле яе слоў, Беларусь атрымала „прынцыповую згоду” славацкіх уладаў на ўстаноўку дошак у памяць аб беларускім літаратары ў гарадах, якія Купала наведаў восенню 1935 года ў складзе дэлегацыі савецкіх дзеячаў культуры. „У нас ужо ёсць эскізнае рашэнне мемарыяльных дошак, выкананае мастаком Паўлам Вайніцкім. Спадзяемся, што ў наступным годзе нам удасца ўсё зрабіць”, — сказала дырэктар музея.
Яшчэ адну дошку ў памяць пра Купалу плануецца ўсталяваць на вадаспадзе Іматранкоскі ў фінскім горадзе Іматра, дзе літаратар пабываў у 1910 годзе, паведаміла Ляшковіч. Цвёрдай дамоўленасці з фінскім бокам на гэты конт яшчэ няма. Дыпламатам аддзялення пасольства Фінляндыі ў Менску толькі перадалі ліст з адпаведнай прапановай, сказала яна. Дапамагчы са стварэннем мемарыяльнай дошкі Янку Купалу ў Фінляндыі ўжо пагадзілася кампанія „Лідскае піва”.