Менгарвыканкам запатрабаваў узгадняць з ім эскізы графіці
Менгарвыканам змяніў умовы ўзгаднення нанясення манументальных графіці. Так гарадскія ўлады адрэагавалі на грамадскі рэзананс вакол твораў праекта “Урбан Міфс”. Графіці на вул. Варанянскага мясцовыя жыхары ахрысцілі “Анёлам Смерці”.
“У раённую адміністрацыю накіравалі некалькі зваротаў з просьбай зрабіць нешта з працай Іно,” – кажа кіраўнік праекта Алег Ларычаў.
– Пасля працы Мутуса Аэрадромная, 4 і працы Іно на Варанянскага, 13 адміністрацыі раёнаў атрымалі ліст з Менгарвыканкама, у якім адміністрацыя горада просіць прыпыніць гэтыя працы ў сувязі з вялікім грамадскім рэзанансам, абмеркаваннямі ў інтэрнэце, і каб на будучыню ўзгадняць кожны эскіз з мастацкім саветам пры Менгарвыканкаме.
“Мы спадзяемся, што ўлады будуць зацікаўленыя ў далейшым з’яўленні выдатных прац на фасадах,” – дадаў Ларычаў. У гэтым годзе ў межах праекта ў Кастрычніцкім раёне сталіцы паўстала 5 манументальных прац. У наступным годзе арганізатары абяцаюць працягнуць справу і прывезці ў Менск знакамітых мастакоў еўрапейскага маштабу.
Беларускае Радыё Рацыя