Фестываль рок-музыкі ’’Men’s Fest’’ прайшоў у Берасці пяты раз



Фестываль сучаснай беларускай рок-музыкі ’’Men’s Fest’’ прайшоў у Берасці ў юбілейны пяты раз. На адной сцэне ён сабраў такія музычныя каманды як ’’Крамбамбуля’’, ’’Re1ikt’’, ’’Nizkiz’’, ’’Nagual’’, ’’Jungle X-mas’’, ’’Navi’’.

Каля сцэны было сабрана некалькі соцен слухачоў – аматараў беларускай культуры з Берасця, Гародні, Менску, Віцебску ды іншых гарадоў Беларусі.

[Not a valid template]

Лідар гурта ’’Крамбамбуля’’ Лявон Вольскі патлумачыў, што дазвол на такія канцэрты – гэта заўсёды свята, якое варта падтрымоўваць:

 – Трэба, безумоўна, дапамагаць рэгіёнам, прыязджаць і граць, калі раптам дазволяць улады. Гэтым разам яны чамусьці дазволілі, і мы прыехалі. Пяць гадоў – гэта яшчэ не юбілей, у параўнанні з такімі фестывалямі, як “Басовішча”. Гэта яшчэ малады фестываль, хай развіваецца, хай Зміцер Назараў, якога я вельмі паважаю, прасоўвае гэтую дзейнасць, гэты рок-н-рол. 

Лідар гурта ’’Re1ikt’’ Уладзімір Казлоў адзначыў, кожны прыезд у Берасце для музычнай каманды – гэта прыезд упершыню:

– Мы гралі ў Бярэсці так шмат разоў, і кожны раз у новым складзе. Прыгожы горад, заўсёды такі доўгі шлях з Менску да Бярэсця, мы кожны раз натхнённа граем песні, бо трэба заваяваць публіку. 

Акрамя музычнага складніка мерапрыемства ўключыла ў сабе забаўляльныя конкурсы ад кампаніі ’’Будзьма беларусамі!’’. Сярод якіх – конкурсы на веданне беларускіх вершаў і пісьменнікаў, а таксама загадкі на беларускую тэму.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце