Менск авацыямі сустрэў беластоцкі драмтэатр
Беластоцкі драматычны тэатр імя Аляксандра Венгеркі выступіў у Беларусі, у Менску. Гледачы беларускай сталіцы апладзіравалі акцёрам стоячы.
19 чэрвеня беластоцкі драмтэатр прадставіў спектакль „Гісторыі звычайнага вар’яцтва” Петра Зеленкі ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі ў Менску. Прэм’ера гэтага спектаклю адбылася ў лістападзе 2017 года. Рэжысёр — Гжэгаж Храпкевіч.
„Я рады, што мы змаглі наведаць Менск. Гледачы Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі цёпла прынялі нас. У час размовы пасля выступу яны ахвотна дзяліліся сваімі заўвагамі і меркаваннямі датычна спектаклю. Яны дзякавалі нашым акцёрам і заахвочвалі, каб мы часцей прэзентавалі нашы спектаклі ў Беларусі,” – кажа Пётр Пулторак, дырэктар беластоцкага драматычнага тэатра.
Візіт у беларускую сталіцу быў яшчэ адным крокам у межах супрацы тэатраў Беластока і Менска. У мінулым годзе акцёры Рэспубліканскага беларускага драматычнага тэатра прыязджалі на фестываль «Напрамак Усход» («Kierunek Wschód»). У верасні гэтага года яны зноў завітаюць на фестываль.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Teatr Dramatyczny im. Aleksandra Węgierki w Białymstoku