Менск запрашае на “Адборышча”
“Адборышча” на “Басовішча”: музыка ў сумесі з рэгіянальнай палітыкай. У менскім клубе «Ілі» 19 лютага пройдзе 10-гадзінны канцэрт. Спачатку выступіць дзясятка канкурсантаў, з іх выбяруць чацьвярых у фінал «Басовішча», якое кожны год ладзіцца на Беласточчыне. Улады Падляшскага ваяводства лічаць, што гэты фестываль спрыяе шчыльным стасункам з беларускімі рэгіёнамі. Гаворыць чалец ваяводскай ўправы Богдан Дыюк:
– Мы зможам лепей пазнаць адныя адных, паказаць сваю творчасць, развіваць кантакты паміж абласцямі і раёнамі, удзельнічаць у эканамічных форумах. Напрыклад, наступны наш візіт у красавіку – гэта ўдзел у турыстычным кірмашы ў Менску.
Акрамя канкурсантаў, на “Адборышчы” выступяць ранейшыя пераможцы “Басовішча” – гурты Navi ды Akute, а таксама беластоцкі праект Ilo&Friends. Менскае трыё «ТонкіХод» было змушанае адмовіцца ад выступу – форс-мажорныя абставіны. Сярод прадстаўнікоў Падляшскага ваяводства на канцэрт завітае і дырэктар Дэпартамэнту культуры і нацыянальнай спадчыны Анатоль Вап:
– Мне гэта вельмі цікава. «Басовішча», якое праходзіць у Гарадку ў нас на Падляшшы, я добра ведаю. У Менску на «Адборышчы» я ўпершыню. Вядома, што маршалкоўская ўправа таксама фінансуе гэты фестываль.
27-ае па ліку “Басовішча” адбудзецца 22 і 23 ліпеня. А хто з маладых беларускіх гуртоў прыедзе на конкурс у польскі Гарадок, стане вядома ўжо заўтра. Уваход на “Адборышча” будзе вольным. Пачатак а 16-ай гадзіне па менскім часе.
Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя