Менская кніжная выстава пройдзе без Святланы Алексіевіч



Галоўная кніжная падзея Беларусі пачынаецца заўтра. XXIII Менская міжнародная кніжная выстава будзе доўжыцца да 14 лютага.

Самую вялікую экспазыцыю з ліку незалежных выдавецтваў рыхтуе выдавецтву «Галіяфы».

knihi1

Кажа дырэктар выдавецтва Зміцер Вішнёў:

– Будзем браць удзел у кніжным кірмашы. Але сёлета не будзем ладзіць праграму, проста прадставім навінкі і тыя кніжкі, якія выходзілі раней. Перадусім будуць прадстаўлены навінкі, якія прэтэндуюць на розныя прэміі, на тую ж прэмію Гедройца. Гэта Юры Станкевіч “Паўночны вецер для спелых пладоў”, гэта Кірыл Стаселька “Дзіцячы маніфест”, гэта Альгерд Бахарэвіч “Белая муха, забойца мужчын”, гэта Сяргей Абламейка “Дом літаратара”.

Сёлета “Галіяфы” будуць рабіць максімальна шырокую экспазіцыю — прадставяць каля 70 кніг. Выдавецтва Arche рыхтуе невялікі стэнд, дзе можна будзе пазнаёміцца з вынікамі працы выдавецтва за 2015 год. Выдавецтва «логвінаЎ», якому не раз адмаўлялі ва ўдзеле ў кніжнай выставе, сёлета ў кнігафоруме не ўдзельнічае.

Усяго ў спісе ўдзельнікаў – прадстаўнікі 29 краін. Аднак галоўная кніжная падзея Беларусі пройдзе без удзелу Святланы Алексіевіч. Ніякіх спецыяльных мерапрыемстваў з першай беларускай нобелеўскай лаўрэаткай не запланавана.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя