Менскі аэрапорт назавуць у гонар Францыска Скарыны?



Міністэрства культуры Беларусі падтрымлівае ідэю прысваення нацыянальнаму аэрапорту Менск імя Францыска Скарыны і спадзяецца вырашыць гэтае пытанне да канца года, заявіў на прэс-канферэнцыі 27 ліпеня міністр культуры Барыс Святлоў.

SONY DSC

„Гэтая ідэя ўзнікла ўжо не першы раз. Больш за тое, гаворка ідзе не толькі пра наш аэрапорт, але і пра магчымасць надання імёнаў нашых знакамітых культурных дзеячаў, класікаў літаратуры, мастацтва і гэтак далей беларускаму самалётнаму парку”, — паведаміў ён.

Паводле слоў Святлова, Мінкультуры ўжо звярнулася з афіцыйнай прапановай да нацыянальнай авіякампаніі „Белавія”. „Наколькі я ведаю, у нас у добрым сэнсе гэтага слова ёсць канкурэнты з боку Міністэрства спорту і турызму, якія таксама хацелі б пэўныя імёны бачыць на транспартных сродках. Напэўна, усё скончыцца мірна, і я думаю, што да канца года мы гэтае пытанне вырашым”, — сказаў міністр.

Святлоў дадаў, што было б сімвалічна прысвоіць нацыянальнаму аэрапорту імя першадрукара ў Год культуры (2016 год афіцыйна абвешчаны Годам культуры).

За прысваенне аэрапорту імя Францыска Скарыны нядаўна выказаўся дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімір Пракапцоў. Практыка наймення аэрапортаў у гонар знакамітых людзей у свеце шырока распаўсюджаная.

belapan.by