Менскі гурт Рэха выдаў дэбютны альбом
Менскі гурт Рэха выдаў дэбютны альбом — першы за 10 гадоў існавання. Назва новага альбома: «Перайначыць». Распавядае стваральнік і франтмэн калектыву Андрэй Такінданг:
— У альбом увайшлі 13 песняў і мы не ганяліся за так званымі музычнымі баевікамі, але вырашылі зрабіць такі лірычна-карчомны аьлбом. Гэта звязана з тым, што гурт «Рэха» даволі часта грае на вяселлях і нейкіх мерапрыемствах. Мы не цураемся выступаць у рэстаранах. Там адбываецца нейкі ўзаемаўплыў паміж слухачамі і музыкамі. Гучанне многіх песняў тут больш акустычнае, але, вядома, гітара з прымочкай у нас таксама задзейнічана.
Першая прэзентацыя дэбютніка гурту Рэха адбылася ў вясковым клубе ў Навасёлках, што на Мёршчыне.
Менская прэзентацыя адбудзецца ў бліжэйшы аўторак у клубе «TNT. Там можна будзе і набыць сам альбом.
Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Вконтакте