Менскі новы драмтэатр прыедзе ў Слонім
У нядзелю, 22 верасня, на сцэне Слонімскага драматычнага тэатра ўпершыню выступяць артысты Менскага новага драматычнага тэатра. Калектыў тэатра прыедзе на аднадзённыя гастролі і пакажа слонімцам два сваіх спектаклі.
Юныя гледачы паглядзяць хуліганскую казку “Прынц і страхоцце”, дзе галоўнай гераіняй будзе прынцэса-хуліганка са сваімі прыгодамі і весялосцю.
А дарослых гледачоў менскія артысты парадуюць лірыка-эратычнай камедыяй “Бонусны сеанс псіхааналіза”. Гэта сучасны спектакль, які распавядае пра праблемы, з якімі сутыкаецца ў жыцці кожны чалавек. Найперш, гэта праблемы адзінокага чалавека, нерэалізаванае каханне і махлярская сціпласць. Усё гэта і ўбачыць слонімскі глядач у пастаноўцы менскіх артыстаў.
У кастрычніку артысты Слонімскага драмтэатра са сваімі спектаклямі выступяць на сцэне Менскага новага драмтэатра.
Беларускае Радыё Рацыя
