Пачаты працэс ліквідацыі прыватнага Універсітэта імя Ніла Гілевіча, заснаванага ТБМ



Менскія ўлады пачалі працэс ліквідацыі прыватнага Універсітэта імя Ніла Гілевіча, заснаванага Таварыствам беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ), паведаміў БелаПАН ганаровы старшыня ТБМ і выканаўца абавязкаў рэктара згаданай ВНУ Алег Трусаў.

„Прыслалі нам паперу аб пачатку ліквідацыі ўніверсітэта, — сказаў ён. — Нас закрываюць рашэннем галоўнага упраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама ад 22 ліпеня, паколькі не ажыццяўлялася прадпрымальніцкая дзейнасць на працягу 24 месяцаў. <…> Атрымалі праз некалькі дзён [пасля прыняцця адпаведнага рашэння], а калі атрымалі, мне спецыялісты сказалі, што я павінен на працягу пяці дзён усіх звольніць і сам звольніцца. Я звольніў усіх сваіх трох супрацоўнікаў, [старшыня ТБМ] Алена Анісім звольніла мяне. Зараз мы займаемся ліквідацыяй, тут усялякай работы да канца года — здаваць у архівы дакументы, знішчаць пячаткі. Калі не зробіш, будуць розныя санкцыі, штрафы”.

Трусаў нагадаў, што напрыканцы ліпеня ў памяшканні на вуліцы Шчарбакова, дзе зарэгістраваны ўніверсітэт, адбыўся вобшук. „Па яго выніках на экспертызу забралі 30—40 кніжак, офіс апячаталі, мы туды зайсці не можам. Як мы можам усялякія паперы аддаваць, калі офіс апячатаны і туды нельга зайсці?” — задаўся пытаннем в.а. рэктара ВНУ.

Абскарджваць рашэнне аб ліквідацыі ў судовым парадку кіраўніцтва ўніверсітэта не мае намеру, бо ўпэўненае ў бесперспектыўнасці гэтага кроку. Паводле слоў Трусава, ВНУ трапіла „ў чорны спіс больш чым з 50 недзяржаўных арганізацый, якія ліквідуюць”.

belapan.by