Прэзідэнта Пінска выклікалі на дуэль
Навіна стала топавай у горадзе над Пінай. Такога яшчэ не было і пэўна ўжо не будзе, менавіта таму інфармацыя імгненна разышлася сярод гараджан. Яны абмяркоўвалі, ці здарыцца ўрэшце дуэль, якога выніку чакаць, хто пераможа?
Галоўная старонка пінскай газеты “Пад небам Палесся”, якая паведаміла пра дуэль у 1931 годзе.
Штотыднёвая газета паведаміла: “Віцэ-прэзідэнт Пінска Лапчынскі за абразу, выказаную яму прэзiдэнтам Алявінскім, выклікаў апошняга на дуэль”.
Пётр Алявінскі (1895-1962)
Інцыдэнт меў месца ў сталіцы Палесся 85 год таму. У 1931 годзе кіраўніком Пінска з’яўляўся Пётр Алявінскі, на той момант вядомы чалавек у міжваеннай Польшчы, легенда польскага руху скаутаў і адзін з заснавальнікаў харцэрства.
Польскія скаўты (Пётр Алявінскі другі злева), 1914 год
Марш польскіх скаутаў.
Як вядома, тэрыторыя Заходняй Беларусі, згодна з ганебнай Рыжскай дамовай 1921 года, уваходзіла ў склад польскай дзяржавы да восені 1939 года. Сучасны старшыня гарвыканкама называўся “прэзідэнтам горада”.
Спадар Лапчынскі, шчыра кажучы, зрабіў эфектны крок, які рэальна мог каштаваць яму жыцця. Па-першае: Алявінскі, акрамя таго, што вышэйшы па пасадзе, карыстаўся падрымкай у вышэйшых уладных колах Польшчы. Па-другое: Алявінскі выдатны вайсковец, у часы барацьбы Польшчы за незалежнасць працаваў у выведцы, некалькі разоў з поспехам праводзіў аперацыі на фронце. Карацей кажучы, прэзідэнт Пінска мог скарыстаць, як адміністрацыйны рэсурс, так і вайсковы. Менавіта таму захоўвалася інтрыга, як паведзе сябе першая асоба ў такой складанай, неадназначнай сітуацыі.
Першы злева Пётр Алявінскі, 1925 год
Трэба зберагчы годнасць – тварам не ўпасці ў бруд, запэцкаўшы мундзір, але нельга секчы згарача – прадстаўляе дзяржаву. Алявінскі меў яшчэ, куды большую адказнасць, ён меў добрае знаёмства з самім Юзафам Пілсудскім. На Палессі казалі, што менавіта першы кіраўнік незалежнай Польшчы з’яўляўся надзейнай падтрымкай нашага героя. Ёсць версія: Пілсудскі ў пачатку ХХ стагоддзя хаваўся ад царскай жандармерыі за вызваленча-рэвалюцыйную дзейнасць на Пінскім Палессі. Прытулак Пілсудскі знайшоў у Калбах, вёска ў сучасным Пінскім раёне. Гэта радавое месца Алявінскіх, дзе і нарадзіўся Пётр у студзені 1895 года.
Але разам з гэтым нельга ўсё спісваць на знаёмства і бязмежную ўдзячнасць маршалака Польшчы. Пётр Алявінскі з юнацтва ўдзельнічаў у польскім руху скаутаў, дасягнуў вялікага поспеху. Прайшоў падпольную вайсковую школу і ў 1915-18 гадах браў удзел у барацьбе за незалежнасць польскай дзяржавы. У 1918 годзе паляшук стаў адным з кіраўнікоў патрыятычнага моладзевага руху – харцэраў.
Кіраўнікі польскіх харцэраў (Алявінскі трэці справа ў ніжнім радзе), лістапад 1918 год.
З сярэдзіны 1920-х гадоў займаўся палітыкай, абіраўся ў парламент, дзе паспяхова працаваў у Камітэце па аграрнай рэформе. З 1931-га па 1934 год узначальваў уладу ў Пінску. Прыклаў намаганні па развіцці пінскага музея. Прынамсі, заклікаў жыхароў Палесся зрабіць падарунак або перадаць на часовае захоўванне ў фонды музея рэчы, якія сімвалізуюць традыцыі, побыт, прыроду рэгіёна.
Як бачым, не просты чыноўнік. Выхад са складанай сітуацыі Пётр Алявінскі знайшоў. Хутка ў друку з’явіўся адказ Лапчынскаму, маўляў, падначалены павінен выконваць загады, а не абражацца. Дуэль не адбылася.
У цэнтры Алявінскі, 1938 год.
Прэзідэнт Пінска працягнуў працу да 1934 года, пасля чаго пайшоў на павышэнне ў сенатары. У 1939-1944 гадах паляшук удзельнічаў у антынацысцкім патрыятычным падпольным руху на тэрыторыі акупаванай Польшчы. У пасляваенны час займаўся гісторыяй харцэрскага руху. Алявінскі памёр у красавіку 1962 года ў польскім горадзе Канстанціне-Язёрным, дзе і пахаваны.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск