Мерапрыемствы да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання пройдуць і за мяжой
Мерапрыемствы да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання пройдуць і за мяжой. Аб гэтым паведаміў на прэс-канферэнцыі ў прэс-цэнтры БЕЛТА намеснік міністра інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч.
Плануюцца святочныя мерапрыемствы ў Польшчы, Чэхіі, Сербіі і іншых краінах. „Скарына – знакавае імя, якое дапамагае кантактаваць з усім светам”, – сказаў Аляксандр Карлюкевіч.
Сярод мерапрыемстваў, якія ўжо адбыліся за мяжой, – прадстаўленне беларускай кнігі на 18-й міжнароднай Віленскай кніжкай выставе-кірмашы. Акрамя таго, беларуская дэлегацыя наведала Віленскую беларускую гімназію імя Францыска Скарыны, дзе адбыўся круглы стол „Францыск Скарына і вытокі беларускага кнігадрукавання”. Гэта мерапрыемства ўключана ў рэспубліканскі план па святкаванні 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Акрамя таго, гімназіі і аб’яднанню беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы перададзены шэсць бібліятэчак новых кніг беларускіх выдавецтваў.
Такія мерапрыемствы пройдуць у розных краінах свету. У Бялградзе запланавана навукова-практычная канферэнцыя, у Маскве таксама адбудзецца шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку прадстаўленне друкарскага станка, які наведвальнікі XXIV Менскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу маглі бачыць у рабоце.
Падключацца да гэтай эстафеты краіны Цэнтральнай Азіі, Кітай. Ідуць перагаворы аб фармаце скарынаўскіх мерапрыемстваў у Польшчы. Гэтыя падзеі за мяжой будуць праходзіць з удзелам прадстаўнікоў беларускай дыяспары, дадаў Аляксандр Карлюкевіч.