Месяц да „Басовішча”
Ужо праз месяц пачнецца фестываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча 2016». Арганізатары ў Фэйсбуку штодзень публікуюць назвы музыкаў, якія выступяць на сёлетнім фестывалі ды распавядаюць пра іншыя суправаджальныя мерапрыемствы.
Ужо вядома, што сёлета выступіць гурт BRUTTO. Больш падрабязна пра line-up Басовішча Лукашу Леанюку расказваюць суарганізатаркі фестывалю Ліда Пекарская і Дар’я Вапа.
— Адна з найбольшых зорак на фестывалі — гурт «Крамбамбуля», які, нагадаю, заявіў, што пасля гэтага альбому ўжо сыдзе ў лясы, таму канцэрт на фестывалі — адна з апошніх магчымасцяў убачыць гурт. Чарговая зорка — гурт «Erik & the Worldly Savages» з Сербіі. Такія балканскія рытмы. Гэта будзе не проста канцэрт, але зможам і патанцаваць, што ўвядзе нас у добры настрой. Таксама гурт «NAVI» — лаўрэат конкурснай часткі ў мінулым годзе і, здаецца, добра вядомы публіцы, бо сёлета таксама быў у адборачным конкурсе на Еўрабачанне. Гурт «Дзецюкі» прыедзе да нас з новым дыскам і гэта варта ўбачыць. Таксама да нашага line-up далучаецца гурт «Нańba» — польскі гурт з Кракава, які інспіруецца творчасцю паэтаў міжваеннага перыяду. І тут таксама можам сказаць, што будзе кааператыў: «Dzieciuki» і «Нańba» — «Hańbuki». Яны працягваюць сваё супрацоўніцтва. Наступная зорка —гурт BRUTTO, вялікая зорка, якая заўсёды прыцягвае людзей, як мы бачылі, напрыклад, на канцэрце ў Беластоку. На жаль, у нас ёсць і сумныя навіны: мы вымушаныя адклікаць выступ гурта «Аскепак», пра які мы заявілі некалькі дзён таму. Адклікаем не па нашай віне, хлопцы проста напісалі, што сыходзяць у студыйны фармат і не змогуць прыехаць на «Басовішча» поўным складам. Яны вельмі выбачаюцца і перад публікай і перад намі, але не сёлета.
РР: Фестываль «Басовішча» з году ў год развіваецца ў розных кірунках. Хтосьці, хто быў 10 гадоў таму і летась, убачыць розніцу. Таксама мерапрыемствы, якія суправаджаюць фестываль: фота-выставы, майстар-класы, новыя тэрыторыя побач з Борыкам… Як сёлета выглядаюць гэтыя суправаджальныя мерапрыемствы?
— Мы працягваем нашу ідэю з папярэдняга «Басовішча» — зона «Бязмежжа», што знаходзіцца ля нямётавага мястэчка, там будзе працаваць кухня, як і летась, вегетарыянская. Студыя татуіроўкі «У лісіцы» прыедзе з Менска і можна будзе зрабіць сабе татуіроўку. Таксама з Менска прыедзе Барбершоп — мужчыны змогуць зрабіць сабе стрыжку. Гэта такая інавацыя на фестывалі. Варта таксама ўзгадаць пра беларускую інтэлектуальную гульню, якую плануецца правесці. Гэта нешта накшталт кўіз: пытанні пра Беларусь, але не простыя, і трэба мець нейкія веды. Вядома, за гэта прадугледжаны ўзнагароды, таму запрашаем удзельнічаць. Таксама вельмі цікавы пункт праграмы — тэатр, які прыедзе на «Басовішча», але не тэатр, які мы можам проста паглядзець, толькі тэатр, у якім мы самі зможам паўдзельнічаць. Гэта тэатральны кааператыў «FLUG» — група студэнтаў і выпускнікоў тэатральных акадэміяў з Польшчы. Яны пакажуць нам, што такое насамрэч нашае цела, наш голас і магу ўжо сказаць, што праз некалькі дзён у Фэйсбуку з’явіцца паведамленне пра запіс на гэтыя заняткі. Яны пройдуць у суботу і гэта будзе своеасаблівы адпачынак ад музыкі. Каля дваццаці чалавек змогуць паўдзельнічаць. Запрашаем.
РР: Вы таксама запрашаеце людзей з Беларусі. Гэтая колькасць паводле вас, арганізатараў, пастаянная ці памяншаецца або павялічваецца. І як вы спрыяеце таму, каб людзей з Беларусі было як мага больш?
Ліда Пякарская: Сёлета нам удалося дамовіцца з консульствам на 200 візаў. Толькі 200, бо сёлета ў Польшчы Сусветныя дні моладзі і таму яны сказалі, што больш даць нам папросту не могуць. Візы будуць бясплатнымі для асобаў да 25-гадовага ўзросту, а для старэйшых — на 50 % таннейшыя. Заяўкі на візы ўжо можна дасылаць на адрас: [email protected] і зрабіць гэта трэба да пятніцы 24-га чэрвеня. Гэтая інфармацыі з’явіцца таксама ў Фэйсбуку. У заяўцы трэба напісаць імя і прозвішча, дату нараджэння, адрас, кантактны нумар, нумар пашпарту, дата выдачы і тэрмін дзеяння пашпарта.
Яшчэ можам дадаць, што ў намётавым мястэчку ў суботу будзе спартыўная гульня, якую мы, арганізатары, хочам правесці, каб лепш пазнаёміцца з удзельнікамі «Басовішча» і гэта будзе больш для забавы і менш паважна. Там таксама прадугледжаны ўзнагароды. Таксама прыгадваю, што да 10 ліпеня можна апублікаваць у Інстаграме фота з хэштэгам: #basowiszcza, #basowiszcza2016 і выйграць узнагароды. Запрашаем.
Пра праграму сёлетняга фестывалю «Басовішча» распавялі суарганізатаркі Ліда Пекарская і Дар’я Вапа. Прыгадаем, што да пятніцы 24 чэрвеня можна падаць арганізатарам свае заяўкі на візы.
Бясплатныя візы атрымаюць усе каму менш за 25 гадоў, для старэйшых віза будзе каштаваць 50% цаны. Калі хочаце атрымаць візавую падтрымку, дасылайце заяўкі на адрас [email protected].
Гутарыў Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя