“Месяц польскай літаратуры” ў Менску
Польскі Інстытут у Менску разам з беларускімі партнёрамі запрашае ўсіх аматараў прыгожага слова на літаратурны лістапад. У рамках “Месяца польскай літаратуры” наведнікаў чакае шэраг рознафарматных літаратурных імпрэзаў – прэзентацыі кніг і сустрэчы з польскімі пісьменнікамі і іх беларускімі перакладчыкамі, літаратурна-мастацкая выстава і літаратурна-музычны праект.
9.11 (пятніца), 17:00. Адкрыццё “Месяца польскай літаратуры”. Навукова-літаратурная прэзентацыя перакладу другой часткі знакамітай “Менскай трылогіі” Сяргея Пясецкага “Гляну я ў аконца” з удзелам польскіх і беларускіх даследчыкаў жыцця і творчасці С. Пясецкага і перакладчыкаў. Мадэратар – Андрэй Хадановіч.
Музей “Дом Ваньковічаў” (вул. Інтэрнацыянальная, 33А).
13.11 (аўторак), 16:00. Адкрыццё літаратурна-мастацкай выставы “КРАМА З ЦЫТАТАМІ”. Ян Каханоўскі, Адам Міцкевіч, Генрык Сянкевіч, Марыя Складоўская-Кюры, Вітальд Гамбровіч, Бруна Шульц, Юльян Тувім, Канстынты Ільдэфанс Галчыньскі, Станіслаў Лем і іншыя знакамітыя палякі ў новым графічным абліччы, створаным польскай дызайнеркай Дар’яй Мельцажэвіч.
Нацыянальная бібліятэка Беларусі (пр. Незалежнасці, 116, галерэя “Ракурс”, 2-гі паверх).
23.11 (пятніца), 19:00. Знакаміты польскі пісьменнік Ігнат Карповіч прэзентуе беларускамоўны пераклад свайго рамана „CОНЬКА” з удзелам перакладчыцы Марыі Мартысевіч. Раман стаў у Польшчы сапраўднай літаратурнай сенсацыяй. У кнізе сустракаюцца мінулае і цяпершчына, жыццё і смерць, каханне і нянавісць. Прэзентацыю вядзе – Андрэй Хадановіч.
Кнігарня “Сон Гогаля” (вул. Леніна, 15).
28.11 (серада), 19:00. Літаратурна-музычны праект “МІЦКЕВІЧ-СТАСЮК-ГАЙДАМАКІ”. Польскі пісьменнік Анджэй Стасюк разам з украінскім этна-рок гуртом “Гайдамакі” з прэзентацыяй альбома, натхнёнага творчасцю Адама Міцкевіча. Творы Міцкевіча прагучаць у арыгінале на польскай мове і ў перакладах. Ідэі такога кшталту нібы вядомыя, але ў дадзеным выпадку задума адметная. Па-першае, удзел украінскіх музыкаў, па-другое, Анджэй Стасюк, які раней не быў заўважаны ў спяванні, а па-трэцяе, міцкевічаўскі 13-складовік, які проста напрошваецца на прачытанне ў стылі рэп.
Клуб «Бруге» (пр. Партызанскі, 6а).
Усе ахвотныя запрашаюцца да ўдзелу ў акцыі CZYTAJ PL / ЧЫТАЙ ПА-ПОЛЬСКУ. Гэта ўнікальная магчымасць абсалютна бясплатна прачытаць/праслухаць 12 бестселераў на польскай мове. Тэрмін акцыі 2-30.11.2018. Падрабязнасці на сайце.