“Міфы пра беларускую мову”
Каля трох соцень інфармацыйных брашураў пад такой назваю раздалі на цэнтральных вуліцах Берасця. Ініцыятарамі правядзення акцыі выступілі актывісты агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч” у рамках кампаніі “Наша мова”.
Адная з удзельнікаў раздачы Таццяна Хільчук расказала пра тое, як мінакі ўспрымалі такія незвычайныя падарункі:
– “Дзедзіч” падрыхтаваў інфармацыйную брашуру. Зрабілі яе не проста пазнавальнага характару, але з жаданнем “зачапіць”. Таму мы назвалі яе “Міфы пра беларускую мову”. У брашуры сабраныя розныя невядомыя факты, пра якія варта ведаць. Было дзіўна, што людзі бралі буклеты і амаль усе адказвалі дзякуй.
Асноўная мэта кампаніі “Наша мова” – гэта папулярызацыя беларускай мовы. У рамках яе моладзь наведвае навучальныя ўстановы і распавядае пра родную мову, ладзіць конкурсы, робіць інфармацыйныя матэрыялы ды так далей.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
