Мікалай Быхаўцаў: Каб не забывалі свае карані
Ваўкавыскі гісторык і краязнавец Мікалай Быхаўцаў значную частку свайго жыцця прысвяціў збору і сістэматызацыі звестак пра гісторыю Ваўкавышчыны.
Спадар Мікола родам з Ваўкавыска. У 1970 годзе скончыў сярэднюю школу № 5 і паступіў у Менскі электратэхнікум сувязі, па заканчэнні якога пайшоў служыць у Савецкую Армію. У 1976 годзе ён вярнуўся ў свой родны горад, дзе пражывае і цяпер. Завочна атрымаў вышэйшую тэхнічную адукацыю. Каля 30 год працаваў інжынерам кабельнай міжгародняй сувязі. З 2014 года – на пенсіі.
Сваю краязнаўчую творчую дзейнасць Мікалай Быхаўцаў пачаў у 2001 годзе, калі ў Ваўкавыску з’явілася незалежная „Местная газета”, у якой краязнавец апублікаваў каля 80 артыкулаў па гісторыі Ваўкавышчыны. Потым пачаў выдаваць свой уласны краязнаўчы часопіс “Ваўкавышчына”. З 2007 па 2011 гады выдаў 24 нумары часопіса.
Па-ранейшаму спадар Мікола даследуе і піша пра Ваўкавышчыну. Пра гэта наша гутарка.
– Спадар Мікола, пра што ўжо напісана і што выдадзена пра Вашу родную Ваўкавышчыну?
– Па гісторыі Ваўкавышчыны я ўжо напісаў і выдаў 11 кніг. У пошуках звестак пра Ваўкавышчыну аб’ездзіў архівы і музеі Менска, Вільні, Санкт-Пецярбурга, Польшчы. Выдаў кнігі пра перыяд уваходжання Ваўкавышчыны ў склад Польшчы ў 1919-1939 гадах, пра ўсталяванне савецкай улады на Ваўкавышчыне ў 1939-1941 гадах, пра Ваўкавыск падчас Другой сусветнай вайны, пра паўстанне 1863-1864 гадоў у Ваўкавыскім павеце, пра касцёлы Ваўкавыскага раёна і іншыя выданні.
– Над чым цяпер працуеце?
– Ужо 20 гадоў збіраю матэрыялы для гісторыка-геаграфічнага слоўніка Ваўкавыскага павета. Чаму менавіта Ваўкавыскага павета, а не Ваўкавыскага раёна? Ваўкавыскі павет існаваў з 1507 года па 1940 год – 433 гады, што па гістарычных мерках куды больш працяглы час, чым Ваўкавыскі раён, якому ў 2021 годзе споўніўся толькі 81 год. Таму большасць гістарычных падзей і архіўных дакументаў звязана менавіта з паветам, а не з раёнам. Так на 1933 год лічба населеных пунктаў Ваўкавыскага павета склала 1185, а Ваўкавыскі раён на 2018 год налічваў 191 населенны пункт. А 15 студзеня 1940 года савецкая ўлада правяла на тэрыторыі Заходняй Беларусі адміністратыўную рэформу, калі паветы падзялілі на раёны. Так землі Ваўкавыскага павета далучыліся да ўтвораных Ваўкавыскага, Зэльвенскага, Свіслацкага, Поразаўскага, Бераставіцкага, Ружанскага і Мастоўскага раёнаў.
– Чым адметны будзе Ваш гісторыка-геаграфічны слоўнік Ваўкавыскага павета?
– Слоўнік будзе адметны тым, што ў ім падаюцца гісторыі маёнткаў і фальваркаў, кастёлаў і цэркваў. Кожная вёска будзе мець спіс прозвішчаў жыхароў за розныя перыяды яе гісторыі…
– Спадар Мікола, а чаму Вас зацікавіла, менавіта, гэта тэма?
– Людзі забываюць свае карані. Сённа мала хто можа назваць хаця б пяць пакаленняў сваіх продкаў. Не кажучы пра тое, каб ведаць, дзе яны пахаваныя. Няма культуры пераказвання ведаў пра сваю сям’ю наступным пакаленням. Наогул, адсутнічае неабходная зацікаўленнасць да ведаў аб малой радзіме, да краязнаўчага руху. Таму спадзяюся, што мая праца паспрыяе ў гэтым і будзе своеасаблівым дапаможнікам. А таксама натхніць краязнаўцаў з іншых рэгіёнаў да напісання падобных выданняў.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Ваўкавыск