Мікалай Падгайскі: Закрываюць усё, што ўздзейнічае на грамадскую думку



27 жніўня Вярхоўны суд пачаў разгляд справы па ліквідацыі  Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

Баранавіцкія сябры арганізацыі лічаць рашэнне дзяржаўных органаў па закрыцці Таварыства беларускай мовы вельмі шкодным, кажа намеснік старшыні Баранавіцкай філіі Таварыства Мікалай Падгайскі:

– Закрываюць тых, хто ўздзейнічае на грамадскую думку. Тут не толькі Таварыства беларускай мовы, тут журналісцкія арганізацыі, розныя другія арганізацыі. Лукашэнка баіцца, баіцца страціць уладу. І зачышчае ўсё прававое поле ад магчымых праяваў супрацьуладных дзеянняў. Ад магчымых выказванняў, ад згуртавання людзей. Робіць усё магчымае, каб не было больш такіх выступаў, як у 20-м годзе.

Паводле Мікалая Падгайскага, іх філія мела свой будынак, куды сябры  арганізацыі ўкладвалі свае сродкі і сілы. Баранавіцкае Таварыства на працягу многіх гадоў вяло культурніцкую працу на нацыянальнай ніве. І разваліць гэта ўсё зараз могуць толькі ворагі Беларусі. Судовае паседжанне ў Менску адкладзена па просьбе кіраўніцы Таварыства Алены Анісім.

Беларускае Радыё Рацыя