Мікалаю Несцярэўскаму – 85
Вядомаму беларускаму мастаку, керамісту, жывапісцу, скульптару, сябру Саюза беларускіх мастакоў Мікалаю Несцярэўскаму 31 сакавіка спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння.
Нарадзіўся Мікалай Несцярэўскі ў вёсцы Бацюты каля Беластока. «Бацька мой рана памёр, — згадвае Мікалай Лаўрэнцьевіч. — Аднойчы ён паехаў па сена зімою, а лёд быў слабы і ён з сябрам праваліўся пад лёд. Пакуль выцягнулі коней і сані, то моцна замерзлі. Пасля бацька хутка захварэў на сухоты і памёр. Яго пахавалі ў Бацютах. А маці з цягам часу выйшла замуж за другога».
Родныя Бацюты сям’я Несцярэўскіх пакінула адразу пасля вайны ў 1945 годзе. «Гэта быў той час, калі палякаў перасялялі ў Польшчу, а беларусаў гналі на Усход. Мы вельмі не хацелі пакідаць Бацюты, бо ў нас было 18 гектараў зямлі, 5 кароў, некалькі коней, шмат свіней, авечак, сотні курэй. Мы жылі даволі добра. Праўда, шмат працавалі, але і шмат мелі. Жылі заможна ажно да восені 1939 года. А калі прыйшлі бальшавікі, то жыць стала цяжка. І мы пад прымусам пераехалі да сваякоў у Дзятлава на Гарадзеншчыну», — распавядае Мікалай Несцярэўскі.
У 16 гадоў Коля пайшоў працаваць у дзятлаўскую арцель «Чырвоны Кастрычнік». Там выраблялі мэблю. Спачатку хлопца прынялі вучнем сталяра, а з цягам часу ён стаў працаваць самастойна. Навучыўся рабіць розную мэблю. Сам выконваў эскізы, сам жа іх і ўвасабляў у рэальныя рэчы. Прыродныя здольнасці, кемлівасць, спрыт у руках ужо тады вылучалі юнака. А яшчэ высветлілася, што ён можа добра спяваць, танцаваць, іграць на розных музычных інструментах. I ў 1955 годзе Мікалая паклікалі на працу ў Дзятлаўскі раённы Дом культуры. Там арганізаваў аркестр, доўгі час ім кіраваў, сам іграў на трубе. Калі ў Дзятлаве задумалі стварыць лялечны тэатр, то лялек узяўся намаляваць і зрабіць Несцярэўскі. Удалося паставіць нават некалькі спектакляў.
Шмат давялося вандраваць па Дзятлаўшчыне з канцэртамі, пастаноўкамі. А яшчэ юнак паспяваў вучыцца. Працуючы ў Доме культуры, ён скончыў Гарадзенскае культасветвучылішча, а пазней – Менскі тэатральна-мастацкі інстытут.
Аднойчы ён пачуў пра Івянецкую фабрыку мастацкай керамікі і вышыўкі. Вырашыў паехаць туды і папрасіцца на працу. Хлопца ўзялі, і зноў ён стаў вучнем. Пераймаў у вопытных працаўнікоў сакрэты ганчарнага майстэрства. А пасля інстытута Мікалай Несцярэўскі трапіў на Менскі мастацка-вытворчы камбінат. Менавіта там да самага заслужанага адпачынку працаваў мастаком-керамістам.
Сёння Мікалай Несцярэўскі вядомы як майстар манументальнай керамікі. Ён стварыў шэраг цікавых дэкаратыўных твораў для грамадскіх будынкаў Менску, Валгаграда, Светлагорска, Салігорска, Гродна, Дзятлава. Працаваў над афармленнем аэрапорта «Менск-2», станцыі менскага метро «Плошча Якуба Коласа».
Многія яго керамічныя работы занялі пачэснае месца ў Нацыянальным музеі Рэспублікі Беларусь, Раўбіцкім музеі народнага мастацтва, музеі выяўленчага мастацтва ў Старых Дарогах. Але найбольш работ Мікалая Несцярэўскага знаходзіцца на Дзятлаўшчыне.
Фонды Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея налічваюць больш за 200 яго работ. I амаль усе яны падораны музею. Мастак-кераміст перадаў музею калекцыю дэкаратыўных скульптур аб’ёмных формаў, серыю керамічных партрэтаў (медальёны, плакеткі) дзяржаўных дзеячаў старажытнай Беларусі і Вялікага Княства Літоўскага, дзеячаў беларускага Адраджэння. Літаральна штогод Мікалай Лаўрэнцьевіч перадае Дзятлаўскаму музею сваю кераміку ці карціны. Ды і вельмі часта бывае на Дзятлаўшчыне і на Беласточчыне, дзе жывуць яго блізкія і родныя людзі.
[Not a valid template]
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлава
Фота аўтара