Міхась Андрасюк: Ёсць спроба пабудовы беларускага міфу



ПЭН-цэнтар абвясціў кароткі спіс прэміі Гедройца.

Сёлета ў кароткі спіс прэміі ўвайшлі:

Зміцер Бартосік. Быў у пана верабейка гаварушчы

Валер Гапееў. Ноч цмока

Адам Глобус. Зваротная перспектыва

Андрусь Горват. Радзіва “Прудок”. Дзённік

Сяргей Календа. Падарожжа на край ложка

Людміла Рублеўская. Дагератып

Аляксей Талстоў. Апоўначы на сіялімскім мосце 

Узнагароджанне пераможцаў запланаванае на кастрычнік.

Сёлета ў журы Прэміі Гедройца ўвайшлі: Міхась Андрасюк, Раіса Баравікова, Альгерд Бахарэвіч, Алена Брава, Павел Касцюкевіч, Ціхан Чарнякевіч.

Сваімі ўражаннямі дзеліцца сябра журы, падляшскі пісьменнік і супрацоўнік Беларускага Радыё Рацыя Міхась Адрасюк:

– У журы прэміі Гедройца я першы раз. Так у гэтай прэміі ёсць, што штогод мяняецца журы. Для мяне гэта вельмі цікавы досвед і вельмі карысна, бо я мог пазнаёміцца з найноўшымі выданнямі беларускай літаратуры, з найноўшымі беларускімі кніжкамі беларускай прозы. Іх было менш, чым раней, бо бадай толькі 27 кніжак.

РР: Вам усе гэтыя 27 кніжак давялося перачытаць ад „коркі да коркі”?

– Так, прычым з 27 мы адабралі 12 – гэта быў доўгі спіс. Былі дыскусіі, бо ў 6-асабовым журы ёсць розныя меркаванні, ёсць розныя літаратурныя густы.

РР: Як адбываліся дыскусіі? Праз Skype ці вы сустракаліся непасрэдна?

– У мяне была праблема паехаць у Менск, журы збіралася ў Менску, а я проста быў у кантакце, у наш час гэта не праблема. Адбіраліся кнігі праз кансенсус, нам трэба было проста дамовіцца на гэтыя 12 кніг.

РР: Вашыя густы і погляды збольшага супадалі з меркаваннямі вашых калегаў па журы, ці яны былі дыяметральна розныя?

– Як не дзіўна, але шмат якія мае прапановы супалі з прапановамі маіх менскіх калегаў, прычым былі такія кніжкі, якія пазначыў толькі я.

РР: Якое увогуле ў вас склалася ўражанне пра сучасную беларускую літаратуру, якія вы бачыце моцныя або слабыя бакі ў ёй?

– Я быў прыемна здзіўлены, прыемна ўражаны тым што з’явілася шмат маладых аўтараў, 30 гадоў і больш, нават да 30. Менавіта яны шукаюць у літаратуры нешта новае. Ёсць спробы пайсці ў сюррэалізм, адарвацца ад гэтай савецкай мінуўшчыны, гэта ў маладых аўтараў вельмі бачнае. Вельмі прыемна, што маладыя людзі шукаюцуь нейкі свой шлях, не грунтуюцца, не абапіраюцца на тое, што вынеслі са школы ці хатняй бібліятэкі.

РР: А нейкія слабыя моманты?

– Можа пра слабыя на дадзены момант яшчэ не будзем казаць, конкурс жа яшчэ не завяршыўся. Таксама прыемна ўразіла тое, што ёсць спроба пабудовы беларускага міфу, якога нам, як нацыі, так вельмі не хапае. Тое, што пачынаў рабіць Уладзімір Караткевіч і зараз працягваюць сучасныя пісьменнікі.

РР: Тут вы напэўна маеце на ўвазе перадусім кнігу Людмілы Рублеўскай „Дагератып” ці не?

– Між іншым. Паколькі яшчэ не было гэтай апошняй сустрэчы журы, дзе ўсё ўжо вырашыцца, дзе будзе названы пераможца, я б не хацеў зашмат казаць. Магу пацвердзіць, што „Дагератып” так, але не толькі. Ёсць там і іншыя кнігі, якія шукаюць гэты накірунак.

РР: Калі паглядзець на гэты кароткі спіс намінантаў на прэмію Гедройца, то ён вельмі разнастайны па падыходах аўтараў і па жанрах. Зміцер Бартосік напісаў кнігу паводле сваіх падарожжаў па Беларусі. Андрусь Горват паводле ўласнага досведу, калі ён пераехаў зх Менску ў вёску.

– Канешне гэтая разнастайнасць прымусіла журы пашырыць спіс да 7 кніг, бо звычайна ў конкурсе шорт-ліст – гэта толькі 6 кніжак. Тут журы назвала 7, таму менавіта каб нічога не згубіць зарана, каб яшчэ даць шанец гэтым аўтарам да апошняга моманту.

РР: Сваіх фаварытаў вы напэўна таксама не можаце назваць?

– Канешне ўжо складаецца нейкі вельмі кароценькі спіс, але пра тое яшчэ рана гаварыць, бо я думаю, што на апошнім пасяджэнні журы будуць яшчэ спрэчкі і дыскусіі, бо напэўна ў кожнага ёсць свае фаварыты. Як супадуць нашы думкі, пакажа апошняе пасяджэнне.

РР: А на якую дату яно запланавана ўжо вядома?

– На дадзены момант, калі нічога не зменіцца, то журы сустрэнецца ўвечары 2-га кастрычніка, а 3-га кастрычніка будзе аб’яўлены пераможца.

Абіраючы кнігі, журы кіравалася тым, што кароткі спіс прэміі павінен адлюстроўваць асаблівасці літаратурнага працэсу, яго супярэчлівасць і разнастайнасць, а таму ў якасці выключэння сёлета кароткі спіс складаецца з сямі кніг.

Доўгі спіс прэміі можна паглядзець тут.

Прэмія імя Ежы Гедройца ўручаецца з 2012 года. На прэмію могуць намінавацца кнігі, выдадзеныя ў папяровым або электронным варыянтах цягам каляндарнага года на беларускай мове ў жанрах “мастацкая проза”, “эсэістыка”. Папярэднія пераможцы прэміі: Павал Касцюкевіч з кнігай “Зборная РБ па негалоўных відах спорту” (2012), Уладзімір Някляеў з кнігай “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” (2013), Ігар Бабкоў з кнігай “Хвілінка: Тры гісторыі” (2014), Віктар Казько з кнігай “Час збіраць косці” (2015), Макс Шчур з кнігай “Завяршыць гештальт” (2016).

Беларускае Радыё Рацыя