Міхась Кавыль на старонках “Баявой Ускалосі”



Свой 100-гадовы юбілей сустрэў у Саўт-Рывэры (ЗША) беларускі паэт і выдавец Міхась Кавыль. Са 100-гадовым юбілеем яго павіншаваў нават прэзідэнт ЗША Барак Абама.

Kavyl Mixas

Міхася Кавыля заўсёды вельмі паважалі і сёння паважаюць на эміграцыі. Сябраваў ён з многімі беларусамі-эмігрантамі, у тым ліку і з паэтам, выдаўцом часопіса “Баявая Ўскалось” Сяргеем Хмарам (1905-1992), які быў родам з вёскі Казлоўшчына цяперашняга Дзятлаўскага раёна. Тым больш, што з Хмарам не так проста было сябраваць. Але яны знаходзілі паразуменне, ліставаліся, сустракаліся. Сяргей Хмара ахвотна друкаваў ягоныя вершы на старонках уласнага часопіса “Баявая Ўскалось” (выйшла 18 нумароў).

b

У № 8 “Баявой Ускалосі” (1969 г.) рэдактар друкуе некалькі вершаў Міхася Кавыля, у тым ліку і верш “Пагоня”, які пачынаецца так:

Першы раз мне паштоўку з Пагоняю –

Вянок, БНР…

Паказала следчая… з іроніяй

Сказала: “Цяпер

Ты не будзеш мне болей адбрыквацца:

“Не знаю, не я…”

Прызнавайся, буржуйскі прыхвасцень:

Пагоня … твая!?.

Мы знайшлі у цябе пад падушкаю…

Не смейся, дурак!

Ты не быў яшчэ, мабыць, пад мушкаю?

Кажы, што ды як!..”.

У гэтым нумары надрукаваныя таксама вершы Міхася Кавыля “Ліст маме”, “Сакавіковыя матывы”, “Лісты” і “Слаўны мой род”. У апошнім вершы паэт з гонарам піша і згадвае сваіх родных братоў і сясцёр: Рагнеду, Еўфрасінню, Скарыну, Каліноўскага, Міцкевіча, Купалу, Багдановіча, Дубоўку, Чарота…

У № 9 “Баявой Ускалосі” (1970 г.) друкуецца верш Міхася Кавыля, які так і называецца “Верш”, у якім паэт разважае, што такое верш і прыходзіць да думкі, што “верш – гэта рытмы жыцця, тыя, што ў вечнасць стукаюць, з болю адлітымі гукамі”.

№10 “Баявой Ускалосі” (1970 г.) адкрываецца вялікай падборкай вершаў Міхася Кавыля, сярод якіх і верш, прысвечаны Уладзіміру Клішэвічу (1914-1978). Падчас акупацыі Уладзімір Клішэвіч жыў у Слуцку, рэдагаваў «Газету Случчыны». У 1944 годзе выехаў у Нямеччыну. З 1948 года жыў у ЗША, рэдагаваў ратапрынтны часопіс «Беларусь» (1949), працаваў выкладчыкам у каледжы ў штаце Індыяна. Некалькі разоў прыязджаў у БССР. Але сувязь Клішэвіча з БССР не вельмі радавала беларусаў на эміграцыі, пра гэта і кажа ў сваім вершы Міхась Кавыль.

Добрая падборка вершаў надрукавана была і ў № 11 “Баявой Ускалосі” (1971 г.). Але гэтая падборка ўжо мела палітычны падтэкст, даволі смелы і адкрыты.

Шмат паэтычных радкоў былі апублікаваныя ў № 12 “Баявой Ускалосі” (1972 г.). Але прыцягваюць увагу сёння радкі пад агульнай назвай “Сілуэты”. Гэта двухрадкоўі-эпіграмы на беларускіх паэтаў. Вось некалькі з іх.

А.Кучар (У клубку гадзючым з гадаў гад, шыпучы), П.Броўка (Вось таму ён і “народны”, бо народу не прыгодны). У. Дубоўка (Разумная галава, але дурням дасталася). Р.Бярозкін (Паспытаўшы сталінскае розгі, стаў палохацца бярозкі…) і г.д.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя