Міхась Скобла – лаўрэат „Глінянага Вялеса” за 2016 год
Лаўрэатам штогадовай літаратурнай прэміі „Гліняны Вялес” за 2016 год названы Міхась Скобла. Адзначана яго кніга выбранай паэзіі „Камізэлька для месяца” (выдавецтва „Кнігазбор”).
Як адзначаў раней сам Міхась Скобла, у „Камізэльцы” – маё самае-самае з ранейшых дзевяці кніг. І недзе з паўсотні вершаў, якія да гэтай пары не траплялі, па нейкіх прычынах, у ранейшыя кнігі, а таксама новыя вершы”.
Кніга таксама ўтрымлівае пераклады і дзіцячыя вершы паэта. Прадмову да зборніка напісаў старэйшы паплечнік па літаратурным цэху – паэт Уладзімір Някляеў.
Кажа старшыня арганізацыйнага камітэту прэміі ды яе заснавальнік – Алесь Аркуш:
– Гэта кніга аб’яднала лепшыя вершы паэта, і стала вынікам яго дзейнасці на паэтычнай ніве. Дарэчы, нядаўна „Глінянага Вялеса” атрымаў іншы паэт – Эдуард Акулін, і таксама за кнігу сваіх лепшых вершаў. Калі казаць пра журы, то раней мы прызначалі журы, і кожны раз гэтае журы галасавала. Але апошнія некалькі гадоў мы трымаемся іншай тактыкі. Вызначаюць лаўрэата сябры Таварыства Вольных Літаратараў і бліжэйшыя ўдзельнікі-арганізатары прэміі. На самой справе, я прыязджаю ў Полацак толькі ўручаць прэмію, а на месцы працуе шмат людзей, якія ўсё арганізуюць і падрыхтоўваюць, і яны таксама маюць права голасу і таксама ўдзельнічаюць у вызначэнні лаўрэата. Міхась Скобла быў абраны фактычна адзінагалосна.
Міхась Скобла летась выдаў дзьве кнігі: „Камізэлька для месяца” і „Саркафагі страху”. Кніга „Саркафагі страху” аб’яднала яго літаратуразнаўчыя нарысы, артыкулы, крытычныя артыкулы. Літаратар атрымаў за яе міжнародную беларуска-ўкраінскую прэмію „Воін святла”. Гэта прэмія носіць імя Міхася Жызнеўскага.
Таксама сёлета Міхась Скобла стаў лаўрэатам прэміі часопіса „Дзеяслоў” – „Залаты Апостраф” за нізку вершаў „Кансэрвацыя агню” – прыгадвае Алесь Аркуш.
РР: У чым сакрэт поспеху „Глінянага Вялеса”? Прэмія застаецца прэстыжнай, нягледзячы на тое, што цяпер існуе шмат іншых незалежных літаратурных адзначэнняў і прэмій?
– Сакрэт поспеху ў тым, што мы імкнуліся не быць нейкай кулуарнай прэміяй, не займацца „кустаўшчынаю”. Калі паглядзець на нашых літаратараў, то гэта, як нехта сказаў, іканастас беларускай літаратуры. Гэта аўтары, якія не ствараюць адзін асяродак, яны з розных літаратурных беларускіх абшараў. Гэта залаты фонд літаратуры, які мы сабралі, згарнулі пад шыльдай гэтай прэміі. І вельмі прыемна, калі чытаеш біяграфію славутага пісьменніка або недзе зачытваюць гэтую біяграфію, і там гучыць, што гэта лаўрэат прэміі „Гліняны Вялес”. Гэта таксама і для нас пэўная ўзнагарода.
Традыцыйна ў канцы года з’яўляецца шорт-ліст прэміі. Раней ён уключаў пяць кніг, але з увагі на тое, што апошнім часам выдаецца шмат цікавага, вырашана пашырыць спіс да сямі кніг.
Шорт ліст прэміі „Гліняны Вялес” за 2016 год уключаў наступныя кнігі:
Валеры Гапееў. «Ноч цмока». «Галіяфы». Віктар Жыбуль. «Дзяцел і дупло». «Галіяфы». Альжбэта Кеда. «Пра тое, што люблю». «Кнігазбор». Наста Кудасава. «Маё невымаўля». «Кнігазбор». Алена Ніякоўская «Там, дзе жыта буяла». «Полацкае ляда». Сяргей Пляскач. «Шоў працягваецца». «Галіяфы». Міхась Скобла. «Камізэлька для месяца». «Кнігазбор».
Прэмія ўручаецца ў траўні, пераважна ў Полацку. Але, як адзначыў Алесь Аркуш, улічваюцца і пажаданні саміх лаўрэатаў, таму ў некаторыя гады ўручэнне прэміі адбываецца ў Менску. Лаўрэат атрымлівае сімвалічную ўзнагароду — гліняны стод апекуна мастацтва. Дарэчы, атрымаць „Глінянага Вялеса” можна толькі адзін раз у жыцці.
Літаратурная прэмія “Гліняны Вялес” – найстарэйшая недзяржаўная літаратурная прэмія незалежнай Беларусі. Была заснаваная ў 1993 годзе Таварыствам Вольных Літаратараў. Уручаецца штогод за лепшую мастацкую беларускамоўную кнігу, выдадзеную ў папяровым фармаце. Сярод яе лаўрэатаў такія пісьменнікі як Валянцін Акудовіч, Эдуард Акулін, Уладзімір Арлоў, Сяргей Астравец, Ігар Бабкоў, Сяргей Дубавец, Віктар Казько, Алег Мінкін, Уладзімір Някляеў, Барыс Пятровіч, Алесь Разанаў, Франц Сіўко, Андрэй Федарэнка і інш.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.