Міхасю Явару – 115 гадоў
Беларускаму паэту, удзельніку літаратурнага і нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі Міхасю Явару (сапраўднае прозвішча Карась) 8 лістапада споўнілася 115 гадоў з дня нараджэння.
Ён нарадзіўся ў вёсцы Мінявічы Мастоўскага раёна ў беднай сялянскай сям’і. Бацька Андрэй і маці Алена Карасі гадавалі чацвёра дзяцей. Дзяцінства будучага паэта прайшло ў роднай вёсцы. Падчас Першай сусветнай вайны, з 1914 па 1921 гады, ён з сям’ёй знаходзіўся ў бежанстве. Па вяртанні з бежанства, Міхась працаваў адыходнікам, рыбаком на Нёмане, прадаваў рыбу гандлярам у мястэчку Лунна. Меў толькі тры класы адукацыі. Пісаў вершы, арганізоўваў вечары з пастаноўкамі п’ес, песнямі і танцамі, сам спяваў. З’яўляўся сябрам камсамола Заходняй Беларусі, за рэвалюцыйную дзейнасць арыштоўваўся паліцыяй. У 1920-я гады быў сябрам БСРГ.
Здароўе Міхась Явар меў слабое і доўга хварэў на сухоты. Бацька распрадаў хатні набытак на дактароў, але здароўе сына не палепшылася. У хвіліну адчаю паэт скончыў жыццё самагубствам, ён застрэліўся на беразе Нёмана ў 1933 годзе.
Друкавацца Міхась Явар пачаў у 1932 годзе на старонках часопіса “Шлях моладзі”. Свае вершы друкаваў таксама на старонках заходнебеларускіх выданняў “Беларуская газета”, “Летапіс ТБШ”, некаторыя вершы распаўсюджваліся вусна і ў рукапісах. Сябраваў з заходнебеларускім паэтам-рэвалюцыянерам Міхасём Васільком. Пад уплывам адной з сустрэч у лютым 1932 года ён напісаў, прысвечаны яму, верш “Нёману”.
Паэтычная спадчына Міхася Явара амаль не захавалася, перад смерцю куфэрак з вершамі, паэмамі і лістамі паэт занёс свайму сябру Вінцуку Мікулу. У гады вайны Вінцука шукалі немцы, і яго жонка, баючыся, знішчыла гэты архіў – засталося толькі тое, што было апублікавана ў заходнебеларускім друку. Некалькі твораў былі надрукаваны ў кнізе “Сцягі і паходні”(Менск, 1965). Верш Міхася Явара “Паклон чалавечаму страданню” уключаны вядомым літаратуразнаўцам Уладзімірам Калеснікам у анталогію “Ростані волі”. З 1991 года адна з вуліц вёскі Лунна Мастоўскага раёна носіць імя Міхася Явара, а на мясцовых могілках знаходзіцца магіла паэта. На магіле ўстаноўлены помнік з граніту, які вырабіў і ўсталяваў мастоўскі майстар Вячаслаў Халько. У Гудзевіцкім літаратурна-краязнаўчым музеі Алесям Белакозам быў створаны куток, які знаёміць наведвальнікаў з трагічным лёсам паэта-земляка.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя