Мікіта Моніч: Беларусам застаецца толькі асэнсоўваць цану твораў Шагала, якую гатовыя плаціць іншыя
На аўкцыёне Sotheby’s, які адбыўся 13 лістапада ў Нью-Ёрку, прадалі варыянт самай знакамітай карціны Марка Шагала «Над горадам», які ён напісаў у 1924 годзе.
Мастацкую ўгоду каментуе экскурсавод, экс-супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музею ў Менску Мікіта Моніч:
-Яшчэ адзін арыгінальны Шагал быў прададзены за вялікія грошы. Колькі копій ні зроблена ў аўтараў, гэта ўсё арыгіналы. Гэта аўтарскае паўтарэнне, прытым вельмі важна для Шагала аднаўляць тыя працы, якія страціў за гады, што ён знаходзіўся ў Расейскай Імперыі. Гэта новая версія, якая адрозніваецца ад арыгіналу і па памеры, і па колерах. Што нам, беларусам, да гэтага? Вонкава нічога, бо не мы прадавалі, не мы куплялі. Але, канешне, мы бачым, што ёсць вялікая цікавасць да сусветнавядомага творцы, звязанага з нашай краінай.
Арыгінал самай знакамітай карціны Марка Шагала «Над горадам», напісаны ў 1918 годзе ў віцебскі перыяд майстра, знаходзіцца ў Траццякоўскай галерэі ў Маскве. Палатно ацэньваецца на 160 мільёнаў даляраў.
-
„Над горадам” 1918 г. Са збораў Траццякоўскай галерэі. Фота з адкрытых крыніц.
-
„Над горадам” – прададзеная аўтарская версія 1924 года. Марк Шагал. Фота з адкрытых крыніц
Беларускае Радыё Рацыя