Мікола Арочка – на фотаздымках



У менскім выдавецтве “Кнігазбор” выйшла з друку кніга Сяргея Чыгрына “Дзяліў трывогу і настрой”. Як напісаў аўтар кнігі, старыя фотаздымкі, напрыклад, жыцця пісьменніка, могуць нам распавесці пра іх значна больш, чым сухія факты біяграфіі. Таму фотаздымкі, якія склалі гэту кнігу-альбом, дапоўняць шмат цікавага і раней невядомага да няпростага лёсу доктара філалагічных навук, беларуска паэта і літаратуразнаўца Міколы Арочкі (1930-2013), апошнія дваццаць тры гады жыцця якія ён пражыў у роднай вёсцы Вецявічы на Слонімшчыне. Там пісьменніка і правялі ў апошні шлях вяскоўцы на мясцовы пагост, правялі да сыноў, лёс якіх быў трагічным і кароткім.

Сам Мікола Арочка не вельмі любіў публічнасці, ён больш пісаў, шчыра працаваў, думаў. Тым не менш, за жыццё сабралася шмат фотаздымкаў, якія склалі ўнікальны фотаальбом. У іх адчуваецца трывога і сляза, радасць і настрой, па іх бачны творчыя здабыткі і поспехі. Адным словам, усё жыццё Міколы Арочкі адлюстравана ў фотаздымках кнігі Сяргея Чыгрына “Дзяліў трывогу і настрой”. Усе здымкі ў фотакнізе падпісаны, а таксама аздоблены вершамі Міколы Арочкі, якія былі напісаныя ў розны час.

Кніга “Дзяліў трывогу і настрой” ужо паступіла ў менскую кнігарню “Акадэмічная кніга”.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя