Мікола Быхаўцаў: У 1991 годзе аматары гісторыі вырашылі пераглядзець дату ўзнікнення Ваўкавыску
Госць Радыё Рацыя краязнаўца з Ваўкавыску Мікола Быхаўцаў распавёў цікавыя гісторыі пра горад, а таксама пра свае навукова-папулярныя кнігі, якія ён прысвяціў Ваўкавыску.
– Ваўкавыск вядомы з летапісных крыніц – Іпацьеўскага летапіса – з 1252 года. Але ўсе гісторыкі, усе археолагі, якія працавалі на замчышчы ў Ваўкавыску, усе казалі, што горад утварыўся значна раней. Там знаходзілі рэчы, па якіх можна гэта ўдакладніць. Існавала кніжка, якую напісаў яшчэ пры цары, ў канцы 19 стагоддзя, пісьменнік Дзмітрый Булгакоўскі. Ён выдаў шмат кніг і ў тым ліку невялікую брашурку „Гісторыя Ваўкавыска”, якая была аснаваная на летапісах, але тыя летапісы да нашага часу не дайшлі. І ў сваёй брашуры ён, на жаль, не ўдакладняе адкуль узяў тыя звесткі. Я доўга думаў і прыйшоў да высновы, што гэта было ў Вільні, у віленскім архіве, пасля таго шмат архіўных спраў не захавалася. Таму я лічу гэтыя звесткі дакладнымі, я ў гэта веру. Ён першы раз узгадвае Ваўкавыск у 782 годзе, калі я не памыляюся. І падае розныя звесткі: і што ятвягі нападалі на Ваўкавыск і бралі ў палон мясцовых жыхароў, і вялікі патоп быў, рака разлілася Нятупа, якая цяпер не існуе, але ёсць на мапе 1795 года. І вось калі я параўноваю абрывістыя дадзеныя, якія ёсць, з ягонымі звесткамі – усё супадае. Таму Ваўкавыск – вельмі-вельмі старажытны горад.
Калі ў 1991 годзе Савецкі саюз разваліўся, у раённым выканкаме былі аматары гісторыі, яны вырашылі дату ўзнікнення Ваўкавыску пераглядзець. А да гэтага Ваўкавыск узгадваўся ў Кіеўска-Пячорскім патэрыку – духоўным летапісе. І вось там у 1005 годзе ўзгадваўся Ваўкавыск у складзе Тураўскай епархіі. І вось на гэтым сходзе нашы хлопцы паднялі пытанне, каб афіцыйна пераглядзець дату нараджэння Ваўкавыска на 1005 год і усе прагаласавалі. І такім чынам у 2005 годзе святкавалі тысячагоддзе Ваўкавыска, якое было вельмі ўрачыстае, адкрылі помнік воўку нават.
Цалкам размову можна паслухаць у далучаным аўдыёфайле:
Беларускае Радыё Рацыя