Мікола Канановіч: Трагічны фарс сучаснай беларускай гісторыі



Творчая інтэлігенцыя Гарадзеншчыны працягвае каментаваць сітуацыю, якая склалася са спісам з 33-х беларускіх пісьменнікаў, кнігі якіх рэкамендавана прыбраць са школьных бібліятэк Беларусі.

Свае думкі на гэты конт выказаў і сябра ліквідаваных Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў пісьменнік Мікола Канановіч:

-Вялікі гонар маюць сёння жывыя і памерлыя пісьменнікі з гэтага спісу. Іх ацанілі як класікаў сучаснай беларускай літаратуры не толькі чытачы, але такім вось спісачным чынам — і цемрашары-цэнзары цяперашняй антыбеларускай улады. Мы ўсе помнім з гісторыі, што ў фашысцкай Германіі спачатку палілі на плошчах гарадоў класікаў нямецкай і сусветнай літаратуры, а потым — людзей у крэматорыях канцлагераў. Сучасная беларуская гісторыя — гэта трагіфарс закрыцця і ліквідацыі ўсяго жывога, трапяткога, чалавечнага і для чалавека, а найперш — беларускага, нацыянальнага. Ліквідацыя арганізацый і рэпрэсіі супраць сяброў Саюза беларускіх пісьменнікаў, Беларускай асацыяцыі журналістаў, Таварыства беларускай мовы і ажно да арганізацыі „Ахова птушак Бацькаўшчыны” — гэта і ёсць трагічны фарс сучаснай беларускай гісторыі.

Што да агучанага ўладамі спісу, дзе нават прозвішчы некаторых пісьменнікаў напісалі з памылкамі, то я ўжо розных выказванняў і меркаванняў прачытаў у Фэйсбуку на гэты конт, як саміх пісьменнікаў са спісу, так і чытачоў. Найбольш спадабаўся допіс журналісткі Яны Мельнікавай, якая падзякавала ўладам за гэты спіс як падказку, што неабходна пачытаць у бліжэйшы летні час. А такая магчымасць у Беларусі і за яе межамі яшчэ ёсць — кнігі Някляева, Бахарэвіча, Марціновіча і іншых пісьменнікаў па спісу можна знайсці ў бібліятэках, купіць у кнігарнях і набыць праз Інтэрнэт. А што да школьных бібліятэк, то кніг абсалютнай большасці аўтараў з гэтага спісу там проста няма, кажуць настаўнікі-беларусісты. То школьным бібліятэкарам вялікай працы па іх вынятку з ужытку не будзе.

Беларускае Радыё Рацыя