Мікола Волкаў: Я не супраць удзельнічаць у рэканструкцыі Старога замка



Беларускія незалежныя СМІ заяўляюць пра тое, што да другога і наступных этапаў рэканструкцыі Старога замка ў Гародні могуць быць дапушчаныя адмыслоўцы па рэканструкцыі.

Аднак кандыдат гістарычных навук, спецыяліст па гісторыі абарончай архітэктуры Беларусі Мікола Волкаў распавядае, што да яго такая прапанова пакуль не паступала:

– Ніхто мне нічога не прапаноўваў. Астаповічу Алена Клімовіч сказала, што “мы распрацоўваем магчымасць уключэння Волкава”. Добра, распрацоўвайце, мне ніхто нічога не казаў. Я не адмаўляўся. І ўсе гэтыя фармулёўкі, што Волкаву прапаноўвалі, а ён не хоча працаваць, – гэта абсалютная хлусня. Яны не хочуць супрацоўнічаць.

На думку Міколы Волкава, ён будзе спрабаваць унесці змены ў наступныя стадыі рэканструкцыі Старога замка. Ён атрымаў два адказы па Старым замку ў Гародні за подпісамі кіраўніка ўпраўлення культуры аблвыканкаму Алены Клімовіч і збіраецца далей змагацца за ўнясенне  зменаў ў рэканструкцыю юрыдычнымі шляхамі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота TUT.BY