Міколу Чарняўскаму – 75
Беларускаму паэту, празаіку, журналісту, настаўніку творчай беларускай моладзі Міколу Чарняўскаму 16 студзеня спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння. З гэтых пражытых гадоў пісьменнік 22 гады, з 1966-га па 1988-ы, працаваў у часопісе “Бярозка”.
Рэдкалегія часопіса „Бярозка”. Першы рад (злева направа): Хведар Жычка, Павел Ткачоў, Алесь Якімовіч, Васіль Зуёнак. Другі рад (злева направа): Артур Вольскі, Мікола Чарняўскі, Алена Мімрык і Зянон Дабрынеўскі, 1974 г.
Гэта дзякуючы яму, сёння на ніве літаратуры, культуры, журналістыкі працуюць дзясяткі яго вучняў, якія першыя свае літаратурныя творы надрукавалі ў “Бярозцы”, дзе літаратурным кансультантам працаваў Мікола Чарняўскі. Гэта ён вучыў цэлае пакаленне маладых тады хлопцаў і дзяўчат пісаць вершы, апавяданні, замалёўкі, даваў ім рэкамендацыі, аналізаваў кожны дасланы твор з розных рэгіёнаў Беларусі.
Іван Курбека, Авяр’ян Дзеружынскі, Мікола Чарняўскі і Антон Бялевіч (злева направа) каля Дома-музея Якуба Коласа ў Менску, 1960-я гады.
Казімір Камейша, Мікола Чарняўскі, Уладзімір Карызна і Васіль Жуковіч (злева направа), 1982 г.
Дзякуючы Міколу Чарняўскаму, сёння тыя нявопытныя і нясмелыя школьнікі даўно вядомыя ў Беларусі людзі, якіх ведаюць, чытаюць, любяць і паважаюць. Праз “Бярозку” Міколы Чарняўскага прайшлі Валянцін Жданко, Алесь Бельскі, Алесь Бадак, Уладзімір Мазго, Алесь Усеня, Іван Ждановіч, Уладзімір Ягоўдзік, Сяргей Чыгрын, Галіна Булыка, Леанід Пранчак, Міхась Скобла, Алена Масла, Аксана Данільчык і многія іншыя.
Мікола Федзюковіч, Алесь Емяльянаў і Мікола Чарняўскі на VIII з’ездзе Саюза пісьменнікаў БССР, 1981 г.
Мікола Чарняўскі сёння
Мікола Чарняўскі нарадзіўся ў Буда-Кашалёўскім раёне. Скончыў БДУ. Напісаў і выдаў дзясяткі кніг вершаў і прозы для дзяцей і дарослых. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра і прэміі “Залаты купідон”.
Беларускае Радыё Рацыя