Мінкульт складае спіс аб’ектаў абароннага дойлідства
Завершана дзяржаўная праграма “Замкі Беларусі”, па якой на 8-мі аб’ектах праведзены рэстаўрацыйныя працы. Як адзначаюць у Міністэрстве культуры, далей бюджэтная падрымка будзе датычыцца тых населеных пунктаў, дзе захаваліся аб’екты абароннага дойлідства: Полацак, Тураў, Мсціслаў, Наваградак і Пінск. У бліжэйшы час для гэтых гарадоў будзе распрацавана стратэгія паляпшэння стану аб’ектаў гісторыка-культурнай каштоўнасці. У Пінску фартыфікацыйны характар меў калегіум езуітаў, цяпер тут месціцца Музей Беларускага Палесся. Намесніца дырэктара ўстановы Святлана Лазюк адзначыла, што амаль усе каменныя пабудовы 16-18 стагоддзя мелі абарончыя задачы:
– Справа ў тым, што калегіюм будаваўся на ўзор школы манахаў, ці манастыр. А таксама як фартыфікацыйнае збудаванне, таму што ўсе каменныя збудаванні 16-17-18 стагоддзяў – гэта і фартыфікацыйная збудаванні. На выпадак вайны, на выпадак асады горада кожнае такое збудаванне могло быць выкарыстана для абароны.
Населеныя пункты з багатай спадчынай і традыцыямі, дзе захаваліся аб’екты абароннага дойлідства, загадаў вызначыць Савет Міністраў. Фінансаванне мерапрыемстваў будзе ажыццяўляцца з бюджэтных сродкаў, а таксама са сродкаў выканаўцаў праграмы.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя