Міністр культуры наведаў Стары замак і Каложу
Рэстаўрацыя Старога замка ў Гародні стане вялікім унёскам у справу захавання гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Такое меркаванне падчас рабочай паездкі ў Гарадзенскую вобласць выказаў міністр культуры Юрый Бондар.
Настаяцель Свята-Барыса-Глебскай Каложскай царквы протаіерэй Аляксандр Балоннікаў, міністр культуры Беларусі Юрый Бондар і намеснік старшыні Гарадзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч
Міністр азнаёміўся з работамі па рэстаўрацыі Старога замка ў Гародні. На першую чаргу ў 2017 годзе з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў выдзелена больш як Br1 млн. Работы вядуцца па праекце Уладзіміра Бачкова.
У Гародні плануюць узнавіць замак XVI стагоддзя такім, якім ён быў у часы Стэфана Баторыя.
„Гэта адзін з прыярытэтных напрамкаў нашай працы. Калі атрымаецца завяршыць рэстаўрацыю Старога замка на працягу 3-5 гадоў, то гэта будзе вялікі ўнёсак у справу захавання гісторыка-культурнай спадчыны. Сярод экспертаў, навукоўцаў, гісторыкаў доўгі час вяліся спрэчкі аб тым, якім мусіць быць аблічча замка. Важна, што мы прыйшлі да кансенсусу, прынята рашэнне, распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя, пачаўся першы этап работ „, – адзначыў Юрый Бондар.
Міністр культуры наведаў Каложскую царкву. Зараз завершаны адзін з самых складаных этапаў работ: будаўнікі пры дапамозе дамкратаў выраўнялі сцяну, якая прасела на 30 см уніз і на некалькі дзясяткаў сантыметраў адхілілася па гарызанталі. Пачаліся работы па ашалёўцы сцяны знутры і звонку. Завяршыць усе работы маюць намер да канца года. У наступным годзе плануецца ўпарадкаваць прылеглую да храма тэрыторыю.
Азнаёміўся міністр і з рэканструкцыяй будынка абласной філармоніі, дзе працягваюцца аздобныя працы, прапрацоўваецца пытанне закупкі абсталявання.